Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Усё-ж Ігнат старанна абскроб з картопель прыгаркі, пастудзіў іх і ўсмак зьеў.

— Ведаеш што, Цімох, — абярнуўся ён да Цімоха.

— Што-о?

— Я думаю, што мы як-кольвечы выкруцімся з нашага становішча. Пакуль цеплавата, ды чым далей на поўдзень — тым усё цяплей, — а ў нас ёсьць лішнія рэчы. У мяне васеньняя жукетка, а ў цябе камізэлька, дзьве кашулькі… Цягаць іх з сабою — толькі лішні цяжар… А вось прыедзем у Кіеў, і… побаку. Заробім пасьля і справім… Як ты думаеш?

— Я нічога сказаць не магу — жукетка твая… У мяне, бачыш, зімняга нічога. Калі не шкадуеш…

— Шкадуеш — не шкадуеш, а калі чаго-якога, ды ў Кіеве ня знойдзем працы, то іншага выйсьця ня будзе, як толькі жукетку на рынак… Я перш думаў расквітацца з ёю тут… Адзін пасажыр як прычапіўся — прадай ды прадай — дык я ўжо хацеў…

— А колькі ён суліў? — пацікавіўся Цімох.

— Колькі! Дзевяць даваў, — адказаў Ігнат.

— А гэта добра… Наўрад ці можна за яе больш атрымаць.

— Мне здаецца, што ў Кіеве прадаўшы, і дванаццаць возьмеш? Ды к гэтаму, разумеш, шкадавата пакуль. А мо’ часамі і ня прыдзецца прадаваць… Успадом на работу і абыйдземся сяк-так. Бо зарабіць, брат, ня так лёгка…

— На, вось, яшчэ пару картопель, — разварушыўшы прысак, ажно пук іскраў рвануўся кверху, запрапанаваў Цімох.

— А ты-ж чаму не ясі? — падалікаціўся Ігнат, усё-ж маючы ахвоту на картоплі.

— Я ўжо здаволіўся — да цябе штук дзесятак зьеў… Так… Наконт жукеткі, пэўна, лепі пачакаць. Гатовы, чаго добрага, халады ўдарыць — тады згінай лапаткі…

Цімох не даказаў: зычны сьвіст параходу, раптам прарэзаўшы цемнату ночы, спыніў яго словы на языку.