Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А добра кажаце, — падхапіў Цімох, — картоплі ня дрэнная рэч. Аднак у нас няма чаго есьці — вось трэба пабегчы пашукаць дзе-кольвечы картопель.

— Там, на горцы, здаецца, я бачыў, — прыпомніў Ігнат, — пэўна панскія. Скокні накапай, калі маеш ахвоту. Мне то, прызнацца, ня хочацца. Лепш тут пасяджу.

— А я пайду. Толькі ўжо ты, Ігнат, ня квапся на картоплі, а то дарма. Не дастанеш ад мяне.

Цімох устаў з заслону і паглядзеў у ваконца.

— Пайду!

— Жадаю посьпеху, — паслаў удагон таварышу Ігнат, — добра парадзілі, — дадаў ён, адвярнуўшыся да суседа. — А то, вось, выпатрашылі ўсе торбачкі, а цяпер хоць язык на паліцу кладзі. Пакуль там яшчэ да Кіева — ня вытрымаем. У Кіеве-ж жакетку з плеч і побаку, а тут…

— Вы прадасьцё жакетку? — ухапіўся за Ігнатавы словы яго размоўнік.

— Прадам, абы грошы.

— Я купляю, дайце прымерыць…

Ігнат зьдзеў з плеч жакетку і падаў яе размоўніку. Той хутка распрануў падраны суконны паўхалатак і адзеў Ігнатаву адзежыну. Жакетка прышлася па меры і на многа пахарашвала хлопца, робячы яго роўным і стройным дзяцюком. Гэту асабістасьць крамнае вопраткі хлопец сам скмеціў і чуўся, што яму яна пасуе. Пахаджваючы па каморцы, ён пільна паглядаў на крысы, працягваў рукі, саджаў іх у кішэні і аглядаўся назад.

— Ну, Фомка, падыходзіць? — абярнуўся ён да чорнага мужчыны.

— Як на цябе шыта, — адказаў Фомка. — Сьмела купляй. Прыедзеш дадому — Тэкля не пазнае. Купляй, Піліп, купляй.

— Слухайце, — абярнуўся Піліп да Ігната, — навошта вам вязьці яе ў Кіеў, калі я тут магу купіць. Восем рублёў выкладаю.

Ігнат засьмяяўся.