Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Можна асядаць! — пасьмяяўся Ігнат. — Вось, пэўна, і гэтыя людзі ў наш бок едуць…

— А вы куды? — паглядзеўшы на Цімоха, запытаў малады здаровы пасажыр.

— На Кіеў! — адказаў Цімох.

— Туды-ж і мы… Але, кажуць, ня скора будзе йсьці параход. Заўтра к вечару. Вы пыталіся?

— Пыталіся. Тое самае й нам сказалі… Будзем чакаць…

— А скуль вы едзеце? — пацікавіўся здаровы хлапец далей.

— Работы шукаем. Больш месяца ўжо езьдзім і ходзім і нічога няма. А вы адкуль едзеце? — запытаў Ігнат.

— А мы якраз з работы. На барлінах працавалі, а цяпер едзем дадому. Вось толечкі з Лоева пехам прышлі.

Цімох з Ігнатам прыселі каля размоўніка.

— Што-ж, зарабілі трохі грошай? — пацікавіўся Ігнат.

— Эт, зарабілі! Не вялікая мацыя. Праца занадта цяжкая. Але рублёў па трыццаць вязем дамоў. Будзе крыху пададзецца.

Хлопец паглядзеў на свае порткі, у некалькіх мясцох лапленыя, усьміхнуўся сам сабе і сказаў да Ігната:

— Вось як ходзім — у сьвята і ў будні. Трэба-ж прыкрыць цела. Вось і прыходзіцца згаджацца на ўсякую работу, без разбору… Вы… — хлопец агледзеў Цімоха і Ігната, — вы ўсё-ткі яшчэ маеце ў што адзецца. Каб на мяне, я-б і ня тужыў аб рабоце. Хадзіць ёсьць у чым, — а яды можна дастаць.

— Адкуль? — запытаў Ігнат.

— Адкуль? Ды хоць бы тых самых картопель напёк — і хопіць. Чаго там перабіраць многа… Жывуць-жа людзі пры рабоце і на картоплях…

Усе ўтраіх засьмяяліся. Паглядзеўшы на іх, ухмыльнуліся і яшчэ трое пасажыраў, з якіх адзін пажылы, з абросшым тварам, выглядаючы мурынам, а двое маладых белакурых хлопцаў.