Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Параход завязе. Затое ў Кіеве цэлых дванаццаць вазьму, калі ня больш. Паглядзі, якая работа, які тавар, ды няношаная зусім.

— Дам дзевяць і хай сядзіць на мне. Прагадаеце на Кіеве. Там вас абдураць, а гэта даю чыстыя, запрацаваныя шчыраю працаю дзевяць паперачак. Слухайце… На гэты грошы ў Кіеве лепшую купіце, — упрашваў Ігната Піліп.

Але Ігнат рашуча настаяў на сваім. Хлопец неахвотліва зьняў з сябе жакетку, яшчэ паварочаў яе некалькі хвілін у руках і, аддаючы Ігнату, сказаў:

— Успомніце, ды позна будзе. Дзевяць рублёў пры дарозе не валяецца… Бярэце, кажу…

Пакуль яны таргаваліся, Цімох пасьпеў нарваць картопель і разлажыць агонь. Промень раптам лінуў у вакенца пасажырнай і зьвярнуў на сябе іх увагу.

— Вунь ваш таварыш ужо агонь расклаў, — падаў першым чорны пасажыр. — Глядзеце, як шугае, ажно іскры сыплюцца ў Дняпро.

Ігнат падышоў да вакенца і паглядзеў. Яго пацягнула на двор. Але толькі ён падышоў да дзьвярэй, як яны знадворку адчыніліся, і ў пасажырную ўвайшоў Цімох.

— У цябе, Ігнат, пэўна, сала крыху засталося! Пашукай, устроім добрую вячэру. Картоплі ўжо загорнуты ў попел. Ня толькі ў памешчыка баль — зробім і мы тое самае. Вытрасай торбы.

Абое ўзялі клункі й пачалі іх патрашыць. Павымалі начыньне, бялізну, парваныя хвартухі і кніжкі. Усё гэта разлажылі на ўслонах. Пасажыры паўступалі ім месцы, гледзячы на іх.

— Няма нічога, — вывернуўшы торбачку, сказаў Цімох.

— Няма, бо зьелі. Я табе кажу, што ўсё кончылі; табе здаецца, што асталося, — адказаў Ігнат, перабіраючы свае рэчы на ўслоне.

— А вось, глядзі, — весела выкрыкнуў Цімох, паказваючы на маленькі кусочак сала, запаўшы між лістоў кніжкі.