Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны ўскорылі хаду і хутка выйшлі з лесу. Хоць быў вечар, але стала шмат відней, чымся ў лесе. Хлопцы адначасна абвялі поглядам разьлёгшае перад імі гала, якое мо’ на вярсту цягнулася раўнінай, а далей абрывалася да спуску. Управа, недалеч ад лесу, стаяў маёнтак. Некалькі вялікіх стадолаў, пакрытых новымі гонтамі, абкружалі белы двухпавярховы палац. З бакоў палацу, як вартаўнікі, стаялі разгацістыя, у жоўтым уборы, клёны. У вокнах, глядзеўшых на дарогу, кудэю йшлі Цімох з Ігнатам, блішчала сьвятло. Чуліся мэлёдыі вясёлае музыкі, якую справодзілі рэзвыя, жыцьцёрадасныя жаночыя галасы. Маніла спакоем, вясёласьцю і бесклапотнасьцю.

Хлопцам не хацелася адрываць вачэй ад маёнтку, але, крыху адышоўшыся ад лесу, дарога заламала ўлева і затуліла палоскаю арэхавага маладняка белы палац. А ўперадзе, ганоў за трое-чэцьвера, раптам вынік шырокі, зьвілісты Дняпро. Хлопцы ўпіліся ў яго сваімі поглядамі. Туды, к захаду, дзе яшчэ смутна арала пабляднеўшае праменьне зайшоўшага сонца, Дняпро блішчэў алавянаю фарбаю, а чым бліжэй, тым алавянасьць цямнела, гусьцілася й зьлівалася з афарбоўкаю берагоў. То бліжэй к Дняпровым хвалям, то адышоўшыся ад іх на сажні і гоны, стаялі пажаўцелыя дзярэўцы… У адным месцы яны згушчаліся ў шчыльную грамаду і напіралі на стромкі бераг рэчкі цёмнаю сьцяною гайку. Па другі бок Дняпра слаўся нязьмераны паглядам абшар лугу. Між рэдкага хмызыняка высоўваліся стагі парудзелага сена.

Дняпром ішлі плыты. Да хлопцаў дасягалі галосныя выкрыкі плытнікаў, якія нясьціхана бегалі то ўзад, то ўперад даўгіх, паламаных плытоў. Блішчэлі агоньчыкі і на плытох і на беразе.

Цімох з Ігнатам падходзілі да Дняпра з правага боку. Каля прыстані бераг паступова спускаўся к рацэ. Невялічкая, зьбітая з дошчак і пафарбованая жоўтаю фарбаю прыстань плавала на вадзе, будучы прычэпленай да жалезных