Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ца-краю. Стомленасьць, змора, мітрэнжыла іх рухавасьці. Хацелася сесьці сярод дарогі, каб адпачыць, нарэшце, адкараскацца ад назойлівага, балючага пытаньня: дзе-ж канец іх дарозе? Цэлых пяць тыдняў, як яны сарваліся з месца, апынуўшыся без работы, і калясяць прасторы палёў, пераходзячы з месца на месца ў адшуканьні працы. Праелі заробленыя грошы, распрадаліся, многа разоў жабракамі заходзілі ў хаты, каб выпрасіць хлеба… Дакуль-жа гэта будзе? Не хапае магі чакаць. Выпетрала ўсякая вера, высахла надзея.

— Нарэшце, мяне абурае ўсё гэта… Выходзіць, што мы лішнія на зямлі… — выказаў Ігнат да Цімоха.

— Паганы лад — агню просіць, — адказаў Цімох. — Каб гэта прымеў, дык, ведаеш, зьнішчыў-бы дарэшты…

— Пачакай, брат, некалі ўспомнім і зараз адплацім.

— Успомніш ты. Ці ўтрымаешся на нагах да таго часу калі…

— А што? Зацягаемся, думаеш? Кінь! Усё-ж — маеш рукі! — працягнуўшы ўперад руку з сашчэпленым кулаком, пагрозіўся Ігнат.

— Мала хто ўважае твой кулак… А сунь лепш ты яго ў кішэню ды падлічы грошы, ці хопіць на месцы хоць на палубе? — пасьмяяўся Цімох.

— Напавер паедзем. У Кіеве заплацім.

Ігнат засунуў руку ў кішэню, пакалупаўся ў ёй, дастаў адтуль некалькі манэт.

— Лічы! Авось вырасьлі ў дарозе.

Ігнат спыніўся, рашчапіў кулак і пералічыў грошы.

— Сем рублёў, крапіся! — гукнуў ён удагон Цімоху.

— Сем? Го-о! Тут ня толькі да Кіева, а й да Адэсы хопіць.

— А калі, вось, прыдаць яшчэ маю жакетку, як ты думаеш, вёрст на трыста хопіць?

Абое расьсьмяяліся, ажно рэха аддалося ў лясной нетры.

— А ўсё-ж дачыльгікалі! Вунь канец лесу.