Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цімох балюча ўсьміхнуўся.

— Затое памяць астанецца на ўсё жыцьцё… Некалі, вось, цікава будзе ўспомніць…

— Але ўсё-ткі садзіся ды пасядзем, — тузнуўшы Цімоха за крысу, папрасіў Ігнат. — Што некалі будзе — то будучына, а пакуль мы жывем цяперашнім; не пагоршым становішча — садзіся. Прыстань недалёка; пачуем гудок і дабяжым.

Цімох пярэчыў, але нядоўга — зьнямога перасільвала й цягнула прысесьці пасядзець: балелі ногі, калола ў пяткі, даваў аб сабе знаць голад. Цімох здаўся й прысеў на суседнім пянчуку.

— Ага, такі на маім стала, — пакпіў Ігнат.

— Здаўся, як бачыш. Паняволі здасіся, калі жывот падцягвае, — адказаў Цімох і пры гэтым пасьпешна азірнуўся ўбок, на лес.

З гушчы лесу даносіўся к хлопцам стук калёс і выразны гоман людзей. Хлопцы прыслухаліся.

— Ах, глядзі ты, як сёньнека запазьніўся параход! Гэта-ж падумаць. Цэлую пору амаль прастаялі на прыстані, — казаў грубы голас.

— А чародны, бадай, толькі заўтра йсьціме, — адказваў другі, ня менш зычны.

Грукат калёс, блізячыся да хлопцаў, рабіўся гучнейшым ды гучнейшым.

— Ну, цяпер можна будзе ўсё распытаць у падводчыкаў, — сказаў Цімох.

— Як быццам табе лягчэй стане ад гэтага, — папярэчыў Ігнат.

— А ўсё-ж, ведацьмем, як і што расплянаваць наступнае.

— Ды хопіць яшчэ, браток, памардавацца.

— Не навіна. Выберамся. Дастанем тое, чаго шукаем. Ці варта сумаваць! — пабадзёрыў таварыша Цімох.

— А я ня вельмі і журбую. Толькі ўсяго, што неяк не па сабе робіцца так доўга бадзяцца. Бачыш, на вуліцы восень, самы сэзон у нашых мясцох, а мы ўсё шукаем.