Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ШУКАЮЧЫ ПРАЦЫ

Падыходзіў вечар. Сонца спускалася за лес, і з-пад зялёных куп ялін і хвой выглядала доўгімі, тонкімі космамі праменьняў няшырокае гала, перакроенае дарожкаю, якая вілася выкрутасамі праз гала к лесу. З аднаго боку дарожкі ўпярэмежку — то калдобістай, гразкай, то сухой, па калені пяску, — гэта гала было з поплаву ў куп’ю, вытаптанага гавядаю, а з другога — з іржышча, дробнага й нізкага.

Дарожка выходзіла з-за пяшчанае горкі і, верцячыся, у другім канцы гала хавалася ў лесе. На гранічцы гэтага лесу, якраз у тым самым месцы, дзе дарожка пахільвала за першыя хвоі, тырчалі два пянчукі, — відаць было, што з нядаўна сьсечаных ялін.

— Ну, вось, гэтта мы й спачынем! — прысядаючы на адным пні, сказаў Цімох да таварыша Ігната.

Ігнат спыніўся і старэнна адсопваўся, азіраючыся вакол і на сонца.

— Ня раджу садзіцца, а то спозьнімся! можа ўжо параход прыйшоў… Лепш хадзем на прыстань, а то яшчэ пакуль зойдзем… — не згаджаўся ігнат.

— А ласьне ты не ўтаміўся?

— Што-ж зробіш! Утаміўся-не-ўтаміўся, а трэба йсьці… А ты-б хацеў неўшманкі ўбраць сорак вярстоў! Не-э, браце! Да гэтага мы яшчэ цэлы дзень нічога ня елі, а галоднаму прайдзі па гэтых пяшчышчах!.. Пэўна ўтомішся… Але нічога не парадзіш — трэба працы шукаць і гэткімі сьцежкамі… Бачыш!..