Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пакуль яны перагаварваліся, фурманкі праехалі залом дарогі і апынуліся перад імі. Фурманак было з дзесятак; маленькія драбінкі, апалукошаныя, былі завалены мяшкамі мукі. Мізэрныя, дробныя конікі, упінаючыся на ўсю сілу, паціху цягнулі па каляіністай, пабітай карэньнямі дарозе паклажу. Падводчыкі йшлі падвое, патрое і, матаючы нясьціханна пугамі, вялі гутаркі на звычайныя буднічныя тэмы. Колькі яе ў іх знаходзіцца! Сорак вярстоў дарогі ад Бражак да Альшанін — кожныя два-тры дні праходзіцца імі з тэю-ж шэраю спакойліваю гаворкаю. Па пяць, па шэсьць разоў пераказваюцца многія зьявішчы й здарэньні і не надаядаюць.

— Дзядзькі, — абярнуўся да падводчыкаў Цімох, — ці далёка адсюль да Бражак?

Некалькі чалавек акінулі яго з ног да галавы падазроным поглядам і з хітраю ўсьмешкаю на тварах адказалі ў адзін голас:

— А вам як-бы хацелася? Нічога, можаце аддыхаць, к цёмнаму зойдзеце.

— А параход на Кіеў, ня ведаеце, скора йсьціме? — падаў другое запытаньне Ігнат.

Падводчыкі, як згаварыўшыся, пакруцілі галовамі і крыху памаўчалі. Пасьля адзін старэнькі, з рэдкаю, шэраю бародкаю адказаў за ўсіх:

— Вось гэтага, браточкі, дык ня можам сказаць… Уверх, на Лоеў, толечкі што адышоў… А ўніз, штосьці казалі, нібы ўночы пойдзе…

— А на прыстані, скажэце, ці можна чаго дастаць зьесьці?

Падводчыкі весела зарагаталі.

— Наўрад, сынкі, — адказаў той-жа стары. — Тут і прыстань уся з двух-трох хатак. Глуш… Самім прыходзіцца ў Лоеў езьдзіць за прыпасамі.

— А вы-ж куды, хлопцы, едзеце? — запытаў ад сябе падводчык.