Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пачалося… Жнуць і пяюць… А вечарам пойдуць да хаты, шчасьлівыя, здаволеныя ўраджаем… А я? Што-ж я буду ў гэты год жаць?»

Маланка спынілася есьці; на яе вачох заблішчэлі сьлёзы.

«Нашу палоску сажнуць праклятыя паны… Сажнуць, або выпаляць, або вытапчуць… Ды ня толькі палоску зглумяць, а й дом увесь зруйнуюць, спаляць ды, чаго добрага, над бацькамі насьмяюцца. Эх, паганцы, чаго ім трэба ад нашага краю, ад нас?»

Апошнія думкі Маланка выказала ўчуткі.

Міхалка, дасюль заняты ядою, хутка павярнуўся да мацеры і запытаў:

— Мама, што ты кажаш?

— Наша поле, сынку, вось з гэткім самым пекным жытам сажнуць польскія паны; сажнуць і забяруць сабе на хлеб. Ужо ня будзеш ты, каханы, хадзіць з бацькам на малацьбу.

Маланка прасьлязілася.

— А дзе-ж, бок, наш татка, мама?

— У Чырвонай арміі, сынку.

— Што ён там робіць?

— Ваюе з панамі, сынок. Праганяе іх, разбойнікаў, з нашае старонкі, ня пускае іх сюды за намі гнацца.

— А можа ўжо ён дома?

— Не, мілы, ён ня вернецца дамоў, пакуль не прагоніць паноў. Паны загарадзілі нам дарогу да дому — трэба зламаць іх загарадзь.

— А куды-ж мы ідзем?

— Мы ў чужыну едзем, сынок; ідзем шукаць сабе часовага скутку.

Міхалка, пэўна, здаволіўся адказам мацеры, бо супакоіўся і адвярнуўся да кветак, якія тут-жа збоку паглядалі яму ў вочы.

Змоўкла і Маланка; змоўкла і, забыўшыся аб хлебе ў руках і аб голадзе, які вымусіў дастаць гэты хлеб з ворка, зноў адышла ў думкі і ў нарысы тых абразоў, якія так глы-