Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бока адбіліся на яе істоце. Цугам, зьвязна ўсталі перад ёю: падход палякоў к мястэчку, трэск стрэлаў, грукат гармат, промень пажараў, агульны пярэпалах; далей — уцёкі комуністых і злыбедна-здавальняючая радасьць багацеяў-гаспадароў… Выразна, нібы ўяў, устаў перад Маланкаю гэткі вобраз: насоўваецца цёмная дажджлівая ноч; гудзе па-за вокнамі сярдзіты вецер; сьвішчуць галінамі плакучыя бярозы. Яна, Маланка, у хаце, сядзіць пры стале і, аддаўшыся ўсёю ўвагаю, піша ліст да мілага мужа, Нічыпара, які ваюе на фронце з панамі. Старыя бацькі яе сьпяць, сьпіць і Міхалка. Сьціша ў хаце. Пёрка выводзіць на паперы няроўныя радкі. Словы ліюцца, ліюцца, ліюцца — няма ім канца, няма стрыму. Яе абурае палкае, маладое натхненьне, якое салодкім туманам абдымае Маланчыну істоту… Маланка забываецца, цішэй водзіць асадкаю, адцягае ўвагу ад паперы і накіроўвае прагны ўзрок крыху ўправа, наўскос, дзе спатыкае мілы твар Нічыпара… Нават чуе цёплы подых яго вуснаў… Маланка ўся дрыжыць, але быццам заварожаная, ня можа паварушыць ніводным суставам… Некалькі доўгіх хвілін яна знаходзіцца ў салодкай напрузе. Далей — ня ўтрымлівае і, сабраўшы сілу, хоча падняцца, як раптам яе аглушае страшэнны гук. Маланка ўздрыгвае, як асінавы ліст у дзікі парыў ветру… Зьвіняць у вокнах шыбы… Разам устаюць усе страхі панскіх гвалтаў, аб якіх ёй пісаў Нічыпар. Енкі, плач мацярок, кроў… Яна азіраецца ў вакно і бачыць вагромністы, промень, усё неба ў вагні. «Не, я не застануся дома, не! Ня дамся на глум паном. Уцяку, уцяку з мілым Міхалкам. Уцяку! Мне не здабраваць, як прыдуць паны»… Яна паведамляе бацьком сваё рашэньне і сьледам-жа хапаецца за дзіця. Бацькі пачынаюць угаварваць яе, плакаць, самі не даючы сабе адліку, што пагражае іх Маланцы ад паноў. — Астанься, дачушка, — моліць маці. — Куды ты ў сьвет з дзіцём? — упікае бацька. Але яна ня слухае, пасьпешна будзіць Міхалку, адзяе яго і, захапіўшы ворачак, прыпасены на ўсякі выпадак, кідаецца з хаты ў цемру ночы. На вуліцы яе