Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„ДОЙДЗЕМ, СЫНОК“

Паабапал гасьцінца, вузкага, заросшага зялёнай мяккаю мураўкай, ляжала неагляднае поле залацістага жыта. Высокія тоўстыя дубцы яго згіналіся да нізу пад цяжарам ядраных важкіх каласоў.

Вузкія высокія межы, густа адзетыя застарэлым дзяцельнікам, засохшым рамонкам і павяўшым цюцюпанам ды падушачкамі, разрэзвалі на доўгія стужкі, здавалася збоку, суцэльную непадзельную роўнасьць.

Далёка ад гасьцінцу, на цэлыя вёрсты вакол, прабягаў узрок людзкі, губляючы зялёныя ніткі межаў у гушчы нахіленых каласоў жыта.

У сінім, празрыстым, як шкло, паветры, у нярухомай і спакойнай цішы паўднёвай пары насіліся над палатном ніў, неўгамонна пяючы, рэзвыя жаўранкі. З гушчару жыта ім адклікаліся крыклівыя перапёўкі ды рэдкія, палахлівыя драчы.

Дзесьці там далёка, у правым канцы гасцінцу, чулася пяяньне жней. Знаёмыя мелёдыйныя гукі песень жніва вынікалі з пахучых каласоў жыта, гайдаліся над золатам ніў і, нарэшце, напіўшыся паху, змаўкалі ў чыстым паветры, у праменьнях сонца.

Іх зьмянялі новыя, яшчэ болей пявучыя, яшчэ болей звонкія ды радасныя.

Цэлых дзьве гадзіны ўжо прайшла паміж сьценаў жыта роўным выхілястым гасьцінцам Маланка Груд з шасьцёхгадовым сваім сынком Міхалкам.