Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як-жа яму канчаць? Якое слова ўставіць, каб яго там, заклятага, яно праняло наскрезь?.. Але-ж ці кране ўжо тую прадажную душу хоць што! — падумала яна сама сабе і зараз-жа прынялася адшукваць у памяці тых ці іншых слоў. Адно за другім, цэлаю чарадою завіліся яны ў Аўдоцьцінай галаве, мэрам просячыся кожнае адбіцца яа паперы. Аўдоцьця вылучыла некаторыя і ўжо прыгнулась над прыпечкам, каб пісаць, як раптам у вакно хтось застукаў. Аўдоцьця міжвольна схамянулася, але хутка супакаілася й падбегла да вакна.

— Хто там? — запытала яна.

— Я… я… Лукаш… Пусьці, Аўдоцьця, пусьці-ы!

— Табе чаго?.. Ці-ж ня сорамна, з вечара… — упікнула яна прыцішаным голасам.

— Пусьці, пусьці Аўдоцьця, я… з грашыма. Я… я тры рублі прынёс… і за старое расплачуся… — данёсься з двара просячы голас.

Аўдоцьця адхілілася ад вакна і ўзрадавана прагаварыла: «Тры-і-ы! рублі-ы! Тры рублі! Гэта-ж на два тыдні жыць з дзяцьмі!» і рухава, ня думаючы больш нічога ні аб чым, кінулася ў сенцы, адчыніла дзьверы і пазвала:

— Ну, ідзі! Ідзі, ну, Лукаш…

П’янаваты, але цьвёрды на нагах, хутка апынуўся ў сенцах здаровы, грубы чалавек.

— Аўдоцьця, дзе ты? — запытаў ён, ня бачачы Аўдоцьці.

Яна не адказала, але стукнула засаўкаю.

Лукаш, разьняўшы рукі, зрабіў колькі крокаў на стук і абмацаў Аўдоцьцю.

— Пачакай, чаго ты… — хацела штось выказаць яна, але Лукаш аберуч прыцёг яе да сябе, пераняўшы гутарку, пачаў заблутана, адрыўна прасіць…

А ў яго кішэні зьвінела серабро.