Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няма. Прыдуць зараз… Яны і ўпоцемку патрапяць… Пэўна й вам, мама, прыдзецца йсьці, пакуль яшчэ зусім не сьцямнела. Пакуль заклыпаеце памаленьку…

Паруля мэрам-бы й забыла, аб чым толькі што размаўляла з дачкою і рухава паднялася з месца.

— Але, але, Аўдоцька, я пайду такі, — вымавіла яна і зазірнула ў вакно. — Ой, ды ўжо-ж зусім цёмна на дварэ, — дабавіла яна й рухава вышла з хаты.

Аўдоцьця правяла мацеру на вуліцу, папрасіла яе наведацца ў нядзелю і, узяўшы на рукі клыпаўшага да хаты разам з Алеськаю Сёмачку, вярнулася з дзяцьмі ў хату.

У хаце было зусім цёмна. Аўдоцьця засьвяціла газьнічку. Маркотным, смуглым сьвятлом асьвяціла яна хату, пусьціўшы па сьценах чорныя лахматыя цені.

— Вось і сьвятло, вось і сьвятло, мае вы маленькія дзеткі, — ні то прапяяла, ні то прамовіла да дзяцей Аўдоцьця. — На, пазабаўляйся з Сёмачкаю, — абярнулася яна да Алеські, — а я пашукаю што-кольвечы зьесьці вам.

Аўдоцьця падышла к печы, адчыніла засланку й вынула два маленькія гаршочкі.

— Вось, наце, ежце! — выказала яна, падаючы дзецям адзін гаршчочак з трыма лыжкамі ў ім і па кавалачку хлеба.

Згрудзіўшыся каля прыпеку, дзеткі прагна пачалі ўвіхацца з гаршчком, мэрам яны тыдзень нічога ня бачылі ў вочы.

Праз некалькі хвілін гаршчочак апусьцеў, а ад хлеба асталіся макавыя крошкі.

Сама Аўдоцьця нічога ня ела.

— Ну, укладайцеся, дзеткі, — прыказала яна, узяўшы меншае й палажыўшы яго ў запечку ў нейкіх брудных пыльных лахманох. Старшыя паслухмяна паўскоквалі на пол і спакойна ўлягліся абапал свайго браткі… Аўдоцьця абцерла лаву, прысела тварам да газьніцы і, дастаўшы з-за пазухі недакончаны ліст, прыладзілася на прыпечку яго дапісваць.