Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тым ці іншым спосабам… Людзям няма жалю, а баўтаць языкамі, — дык з любасьцю.

Заламаўшы рукі, Аўдоцьця заплакала. Паруля, гледзячы на дачку, таксама засьлязілася і выцерла падолам каравага хвартуха запалыя вочы.

Тымчасам на дварэ цямнела. Апошні промень сонца зьнік з хаты, дзе па куткох пачаў туліцца шэры змрок.

— Алеська, Алеська, — абярнулася Аўдоцьця да дачушкі, — пайдзі, мая котка, пашукай дзяцей, а то яны, небаракі, цэлы дзень ня еўшы. Пайдзі, дачушка.

— Добра, добра, мамачка, — пралепятала дзяўчынка і хутка выкацілася з хаты, моцна стукнуўшы дзьвярыма.

— Аўдоцька, Аўдоцька! — праз плач вымавіла матка, азірнуўшыся па хаце, — скажы-ж мне, дачушка, ці то праўда, што аб табе людзі балхвяць, нібы-та ты… дачушка, мужчын да сябе прымаеш? Скажы мне, дачушка, ці ня злыя языкі распускаюць пра цябе гэтыя чуткі? Ах, напускаюцца бог і людзі!

Аўдоцьця ўздрыганулася ўсім целам, рухава захадзіла па хаце і ня ведала, што адказаць мацеры: сазнацца — яе казала сумленьне, а стаіцца — таксама балюча. Памаўчаўшы нейкі час, Аўдоцьця рашыла ўсё-ткі схлусіць і сказала мацеры:

— Мамачка, усё — адна брахня. Плюньце ў вочы таму, хто будзе брахаць вам аб гэтым. Гой, ды якія-ж заразы ёсьць у нашым мястэчку! Вочы-б павыколвалі табе, каменьнямі-б закідалі, каб прымелі. І завошта яны на мяне накідаюцца? Што я ім дрэннага зрабіла? Ці я мяшаю каму, ці стаю папярок дарогі?

— Ды яно-ж так, Аўдоцька; ужо сьвет такі. Сочаць за табою, як за злодзеем… Трэба, дачушка, так жыць, каб ніхто й падкалупіць ня мог нічым…

Аўдоцьця не магла далей нічога сказаць: яна паківала галавою, моцна і глыбока ўздыхнула і паглядзела ў вакно.

— Што, няма дзяцей? — запытала яе Паруля.