Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лі нічога не паможа? Што тады? Мо’ зусім ня варта пачынаць гэтага? Можа, проста вылаяць яе і годзе? Вядома, гэта нездарма цэлы тыдзень не паказвацца. Мабыць, нешта»…

Гапа кінула размаўляць і хапілася за ўспамін, каб адшукаць у сваіх адносінах з Кар’ёнам тыя ці іншыя вады, знайсьці якое няпуцёвае слова, што можа як калі неабдумана выказала, але ні на чым ня спынялася яе думка. Увесь праведзены з ім час — выглядаў сьветлаю паласою яе жыцьця. «Пэўна адно — што Людвіся прыгажэйшая за мяне», адкульсьці вынікла суменная думка. Вынікла ціхай, таемнай да таго, што сьпярша Гапа не зьвярнула на яе ўвагі, і прапусьціла разам з іншымі думкамі; але разам яна, як-бы незнарок, затрымалася ў яе сузнаньні, вырасла ў самую вялікую і заваладала ўсёю яе істотаю. Гапа глыбока жахнулася ад ахапіўшае яе цяжкае балючае крыўды на самую сябе, на сваю долю, на жыцьцё.

Ёй стала моташна, душна і няпрыемна. Не магла спакойна ўлежаць і некалькі разоў засаб перавярнулася; нарэшце лягла ніцма, утуліла голаў у падушку, сьціснула зубы й балюча заплакала здаўленым нутраным плачам…

А на дварэ ўжо паднімаўся золак, і лёгкі белы водсьвет яго прабіваўся ў вузкае акенца сянец.


3.VII—23. Менск.