Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАСПУСЬНІЦА

— Злодзей ты, злодзей! Шэльма, ты шэльма! Да чаго ты мяне давёў! Ах, закляты!

І Аўдоцьця палажыла на стол асадку, падперла рукою бараду й пачала думаць. Бляды, змучаны яе твар выказваў сабою тыя мукі яе душы, якія Аўдоцьця перажывала за астатнія два гады: бач, з таго часу, калі яе гаспадар, Хірысон, пакінуў ёй пісаць з Амэрыкі, адрокся ад яе і, як перадавалі, сышоўся там з нейкаю другою кабетаю… З упалых вачэй Аўдоцьці каціліся па яе блядых шчоках адна за аднэю, зьліваючыся, буйныя, як каралі, чыстыя сьлёзы, росячы сваёю цёплаю вільгацьцю яе кашульку.

Алеська, васьмёхгадовая дачушка Аўдоцьці, замораная, пакрыўджанай сіроткаю сядзела супроць мацеры, сачыла ўвесь час за ёю ды ўсё мерылася плакаць.

— Сьціхні, дачунька мая, сьцешся, любка, — супакойвала Аўдоцьця дзяўчынку, — пайдзі лепш, родненькая, паглядзі, дзе нашы Сёмачка з Еўкаю. Пайдзі, котка мая.

Але Алеська не адыходзіла ад маткі, мэрам бы баючыся яе адну пакінуць.

— Ах, ах, што мне болей яшчэ яму напісаць? — папытала сама ў сябе Аўдоцьця, гледзячы на дачушку.

Алеська пацягнула плечыкамі й адразу-ж адказала:

— Напішы, матулька, што я лічу яго нашым згубіцелем, катам нашым.

Аўдоцьця, нярадасна ўсьміхнуўшыся, мэрам-бы згадзілася з дачушкаю, і трасучаю рукою вывела на бруднай паперы высокімі, крывымі літарамі прадыктованыя Алеськаю