Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стаю сіберная думка. І тут-жа, як працяг гэтае думкі, нейкая сіла піхнула Гапу хапіцца за кол у частаколе і ў міг выламаць яго з рэзкім трэскам. Рэха ад злому гулка разьляцелася ва ўсе бакі і ажно напалохала Тацьцяну. Тая хутка кінулася к плоту, ня ведаючы, што зрабіць з таварышкаю. Нашарохаў трэск і гутарыўшых у дварэ, якія раптам заціхлі. І тое зацішша, якое, здавалася, запанавала сьледам за трэскам калка вакол і ўсюды, яшчэ больш разьярыла Гапу, і яна рашуча, няпрытомна выбегла з-за платоў, параўнялася з вешніцамі ў двор Клумкі і з усяго размаху кінула ў яго калок. Кінула і ў момант пусьцілася ўбежкі назад, забыўшы і пра Тацьцяну. Стук, які зрабіў калок, выцяўшы ні-то ў дзьверы, ні-то ў якісь цэбар, здалося Гапе, нібы пагнаўся за ёю. Пераляцеўшы некалькі хат, Гапа яшчэ шпарчэй замітусіла нагамі.

Азіраючыся, не зварочваючы ўвагі на Тацьцяну, яна хутка прыбегла да свае хаты, спрытна адчыніла вешніцы і ўскочыла ў двор. Ускочыла і раптам апамяталася: — стала, каб аглядзецца.

Хутка прыбегла й Тацьцяна.

— Гапа, Гапа! — моцным шэптам падала яна, — чаго ты так памчалася. Ніхто-ж ня гоніцца.

Гапа прачыніла вешніцы і ўпусьціла ў двор Тацьцяну.

— Калі й не пацэліла ні ў аднаго, затое напалохала. Памятацьмуць, паганцы! — здавольна пахвалілася Гапа.

— Але ты й мяне перапалохала. Я зусім не чакала, што ты так зробіш, хай цябе паралюш…

— А мо’ ня варта, скажаш? — сумелася Гапа.

Тацьцяна нічога не адказала, каб ня смуціць таварышку.

— Хай-бы ведалі, што гэта я, — казала Гапа.

— Ды даведаюцца. Забачыш, ужо заўтра будзе ўсё ведана. Даведаюцца і скемяць, у чым сэнс… Нічога, варты абое…

Гапа здаволена засьмяялася.

Пачакаўшы яшчэ крыху, яны разышліся.