Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Тацьцяна, сястрыца, хадзем туды… хадзем да іх, я хачу толькі… Я хачу праканацца, ці ўпраўду то Кар’ён — дрыжачым, як ад спугу, голасам папрасіла Гапа таварышку.

— Чаго табе, Гапка, ісьці; я бачыла, што то яны… Сьмяяцьмуцца, як угледзяць, — думала адгаварыць Тацьцяна.

Але Гапа ня ўнімалася: яе ахапіла нейкая прага падыйсьці да Кар’ёна і ўласнымі вачыма падлавіць яго на здрадзе к ёй. Гапа ня мела сілы ўтрымацца, не знаходзіла думак, каб высьветліць мажлівыя скуткі сваіх намераў. Яна хапіла Тацьцяну за руку і ўмольным голасам пачала настайваць на сваім рашэньні. У яе голасе зычэлі ноткі душэўнага болю, які ня мог не крануць Тацьцяны. І яна, нарэшце, паслухала таварышку ды пайшла з ёю ўсьцяж вуліцы, налева ад Гапінай хаты.

Зрабіўшы некалькі крокаў, Гапа падшапнула Тацьцяне, каб ня выходзіць на сярэдзіну вуліцы, а йсьці між хатаў і гародаў. На выпадковы трэск ці стук ног яна адказвала чулым уздрыгам усяе постаці і падозрана аглядалася вакол. «Цішэй, цішэй, Тацьцянка», пераказвала да Тацьцяны.

Белы круг месяца, узышоўшы досыць высока, пускаў доўгія цені ад кожнае рэчы; але па адным баку вуліцы яго сьвятло паласкала ўвесь надворны выгляд будынкаў, так што можна было на адгоне дзесяткаў сажняў убачыць седзячага на прызьбе. Затое трудней рабілася разглядзець што-кольвек па цёмным баку вуліцы.

Гапа з Тацьцянаю, ідучы цёмным бокам, мінулі некалькі будынкаў і гародаў. Прыслухваліся і пільнавалі адна другой. Мінаючы чацьверты двор, абое раптам спыніліся. Кожная пачула ціхую, рэдкую гутарку, якая йшла з-за платоў пасэсаравага двара. Гапа хапіла Тацьцяну за руку, сьціснула яе, даючы гэтым знак, каб тая спынілася на месцы, а сама падышла шчыльна к платом і прыслухалася. Рэдкія словы выразна даходзілі да яе з глыбіні двара. Кожнае з іх, як малатом стукнула ў грудзі Гапе і, стукаючы, распаляла яе злосьць, зайздрасьць і прагу да помсты. «Я-ж табе, здрайца, адрыгнуся-а!» — выбіла ў яе галаве надыхтаваная пом-