Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось, галубка, — пачала Тацьцяна, абярнуўшыся да Гапы: — Я толькі што ад Насты. Думала, што пайшла ўжо дзесьці… Я тады па дарозе да Людвісі і — тае няма…

Тацьцяна спынілася і колькі хвілін прамаўчала.

— А гэта, вось, ішла да цябе і сустрэла яе, Людвісю, з Кар’ёнам, цішэй дадала Тацьцяна.

Гапа прыметна здрыганулася ўсім целам, адняла ад Тацьцяны твар і перш памкнулася падняцца з месца, але замест таго адхілілася да сьценкі і моўчкі прасядзела хвілін з пяць ня маючы сілы падняць язык, каб спусьціць з яго шэраг злосных слоў-лаянак. Пасьля, як-бы ўвайшоўшы ў сябе, яна запытала.

— Дзе ты іх бачыла?

— Сядзяць на лаўцы каля Клумкавай хаты, прытуліўшыся адно да другога. Я знарок прывіталася, каб праканацца… Вось табе і Кар’ён!..

Гапа зноў змаўчала: яна сядзела і чула, як у яе ў сярэдзіне гасьлі нядаўнія проблескі квітучых жаданьняў. Сэрца моцна стукала, і кожны яго ўдар, здавалася, заганяў новы гвозд у яе душу. Гапа зусім не чакала гэтага і, дзякуючы якраз гэтай нечаканасьці, да таго моцна кранулася, што ўся калацілася ад ахапіўшай яе дрыготкі. Праўда, побач з вялікаю колкаю крыўдлівасьцю, у Гапы ўзьнялося і вострае, пякучуе абурэньне злосьці да Кар’ёна і Людвісі. Яны ўдваіх раптам вырасьлі ў яе ваччу ў страшэннае чудзішча, якое загароджвала ўвесь сьвет і адцягвала ўсю Гапіну ўвагу на сябе. Толькі перад ёю адчыняліся ружовыя правіды на шляху да ажыцьцяўленьня салодкіх мар, як тут — на табе — высокая крэпкая сьцяна загарадзіла гэты шлях і доўгім густым ценем затуліла яснасьць небасхілу. Ці-ж можна спакойна згадзіцца з гэтым? Гапа не дапускала й думкі. Яе сумленьне не дазваляла дараваць гэтага. Апусьціцца і зьмірыцца — то адказацца ад сябе. Ня дзеля гэтага-ж Гапа загубіла столькі натхненьня, столькі радасьці перагартавала ў сваім нутры!