Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

поля даносіўся стройны жабін хор. Пахла багатым густым водырам расквітшага лета, п'янючага й завучага да безгра- нічнай асалоды жыцьцём і яго красою.

Гапа вышла на вуліцу зусім назмроку, калі ўжо клапатлівае жыцьцё мяшчан заціхла. Яна спынілася каля вешніц, напоўненая радасьцю наступных перажываньняў. Пры гэтым Гапа дваілася ў сваёй істоце: адна палова яе цягнула хутчэй да Тацьцяны, каб у свой час быць там і ня даць прычыны позна распачаць гульню; другая палова трымала на месцы ногі, накіроўваючы вушы слухаць і ўбіраць у сябе пявучую музыку ночы.

У гэтым супярэччы Гапа прастаяла каля поўгадзіны: не заўважыла, як прайшлі каля яе дзьве дзяўчыны, якія, адышоўшыся, уголас зарагаталі.

— Гэта ўжо тыя заразы пацягнуліся да Адаркі, — вылаялася Гапа і намерылася сама падыйсьці да Тацьцяны.

Толькі яна кранулася з месца, як раптам, зусім неспадзявана, пачула ззаду.

— Куды, Гапа?

Гапа, схамянуўшыся, азірнулася назад і неўпапад адказала:

— Да Тацьцяны-ж!

— Пачакай! — супыніла Тацьцяна.

То была яна.

— Ах! Гэта-ж ты, Тацьцяна? Пэўна, па мяне? Чакаеце ўжо? — кінула Гапа некалькі пытаньняў да Тацьцяны.

— Чакай адно… Сягоньня, пакуль, з нашае зборні пэўна нічога ня выйдзе… Зусім пайшло не панашаму…

— Як? Чаму? — пужліва хапілася Гапа. У яе нутры ўсё раптам перавярнулася, у галаве заварушыліся неспакойныя думкі.

— Ша-а! — скмеціўшы затрывожанасьць таварышкі, суцяшала Тацьцяна: — давай пасядзімо крыху, і я табе скажу, у чым справа.

Яны падышлі к прызьбе і паселі.