Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

спасьля наліла чыгунчык вады і паставіла ў печ, каб сагрэлася к вечару; яшчэ да гэтага прыправіла модаю косы, прывіўшы пальцамі з абудвых бакоў па дзьве закруткі каля вуха.

І робячы ўсё гэта, Гапа нясьціханна напявала розныя мэлёдыі. А бегала з сянец у хату, як памяло, швыдка, з подскакамі, адно мігалі белыя пяткі ног. Раз-ад-разу яна кідалася ў вакно і ўзіралася ў надворак, абглядаючы неба, ці няма дзе якога знаку на пагоду. Калі глядзела — то не магла знайсьці вакол гусьціліся хмары, пашарэўшыя, зьлітныя па ўсім небасхіле, алавяныя. Выгляд іх, іх характар разгону сьведчылі аб непагодзе да самага вечару — Гапа гэта азнавала; але яна ўсё-ж не хацела гадзіцца са сваім азнаньнем і моцна жадала ачышчэньня неба…

Ужо па абедзе, калі яны з мацераю прыняліся перапалоскваць розныя анучы, выправіўшы наведаўшага хату бацьку йзноў на поле, Гапа нечакана падмеціла праз вакно праясьненьне надворку. Яна тут-жа, як утрапёная, з закасанымі за локаць рукамі, падбегла да вакна, прычыніла яго і выглянула на вуліцу. На небе, з паўднёвага боку, вынікла шырокая расколіна ў хмарах, праз якую зіхацела лазурковая пляміна. Гапа шырокаю ўхмылкаю на твары адказала на праясьненьне неба і ўся шчасьлівая, нібы дасягла запаведнага шчасьця, адышла да начоў, каб няпрыметна скаратаць дзень.


III

К вечару на небе саўсім распагодзілася; як акінуць вачмі, ня відаць было ні хмурынкі; сіняе, з чырваньню на захадзе і з глыбокім водцемам на поўначы, яно пярэсьцілася серабрыстымі зоркамі, якія ўступалі перад надыходзячым з усходняга боку сьвятлом поўнага месяца. Ні вецярка. Чыстае паветра, мяккае ад доўгае прамыўкі дажджом і чыстае ад таго-ж, прапускала малейшы зык, робячы яго галосным і звонкім. За будынкамі ў гародах цьвіркалі скакунцы, а з