Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У гэткім запэўненьні сябе Гапа прачнулася ў суботу зранку. На дварэ йшоў буйны спорны дождж. Дзярэўцы ў саду і рунь у полі, што віднелася ў вакно, блішчэлі разьлітаю па іх цёплаю вадзіцаю і пад чорнымі хмарамі каляраваліся ў цьмяна-зялёны выгляд. Гапа паглядзела на вуліцу, абмерыла вачыма поле і кінула погляд угору, да хмар.

— Сёньня, пэўна, нельга будзе нічога рабіць у полі, — выказала яна да мацеры.

— А якая там работа: вось бацька ўжо пасе каня — хай пасе. А мы тут хоць трохі паабмывайма ў хаце. А то прыдзе прыпар — тады йзноў дыхнуць нельга будзе.

— Вядома што, — згадзілася Гапа.

Застацца ў дому, а ня ехаць у поле, спадабалася Гапе. Можна будзе спакволя ўсё зрабіць і прыбрацца, як сьлед, на зборню. Але з другога боку, Гапу непакоіла пагода: што, калі ў ўвечары будзе дождж? Нельга будзе выйсьці на вуліцу, каб прайсьціся і палюбавацца чарамі ночы. Ніякавата будзе сядзець з Кар’ёнам дзе-кольвечы на прызьбе пад капяжом і чуць нуднае лапатаньне дажджу. Праўда, у сенцах дождж не дастане, ды мо’ яшчэ лепш паспрыяе на цэльнасьць гульні ўсёй зборні, толькі… Гапе цікава гульня не на зборні, а пасьля зборні, калі, разыходзячыся да хаты, хлопцы праводзяць дзяўчат і, за праводамі, праседжваюць з імі па пары аж да самага сьвітаньня. Гапа лучыла адчыненьне зборні з усяночнаю гульнёю на адзіноце з Кар’ёнам. І ў чацьвер вечарам і праз цэлы дзень пятніцы, а выразьней усяго ў суботу зранку, пляны сустрэчы з Кар’ёнам неадходна набіваліся на думкі Гапе і вымагалі ад яе найдрабнейшай распрацоўкі. Гапа перабірала ў выабражэньні розныя моманты з ранейшай гульні з Кар’ёнам, вышуквала ў памяці найцікавейшыя хвілі салодкіх перажываньняў, вынаходзіла мясьціны, якія-б больш спрыялі ўздыму гэтага пацуцьця.

Пасьнедаўшы і прыбраўшы хату, Гапа адарвала кавалак часу на падрыхтоўку да вечара: дастала з куфра тарыновую спадніцу, фартух з брыжамі, маркізэтавую белую кашульку і ўсё гэта палажыла напагатове ў хаце за ложкам;