Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II

Гапа думала пра зборню, пра Людвісю, пра тую вясёласьць і рэзвасьць, якія вернуцца да яе ў суботу — а ў асяродку яе думак і мар насілася адно, чаго яна не хацела выяўляць, а што было ёй вядома, знана і зразумела само сабою — гэта Кар’ён. За апошнія некалькі тыдняў Гапа вельмі рэдка спатыкалася з ім, урыўкамі гаварыла і толькі тры-чатыры разы правяла з ім па некалькі шчасных гадзін на адзіноце. Кар’ён разам з хлопцамі-таварышамі хадзіў на зборню да Адаркі ў Засьценьне, дзе кожны сьвяты вечар зьбіралася шмат моладзі і куды Гапе нельга было хадзіць з-за сваркі. Гуляючы на Адарчынай зборні, Кар’ён часта забываў аб Гапе, а праводзіў час з другімі дзяўчатамі. Ня йсьці-ж шукаць Гапы, калі другія тут-жа, пад бокам! А Гапа ўсё гэта ведала і балела душою: Кар’ён патрошку, але час-ад-часу ўсё болей чужыўся яе. Нават апошніх дзён з дзесяць яна й ня бачыла яго. А, бач, можна гэтага не дапусьціць! Гапа адчувала гэта добра і ўвесь час старалася знайсьці тую ці іншую раду. Асабістая ад Адарчанай зборні — то быў найпэўнейшы сродак затрымаць Кар’ёна каля сябе, і разам з гэтым паперашкодзіць сваім непрыяцелькам. Праз гэта субота мела быць першым уступам да новае паласы любашчаў Гапы з Кар’ёнам. Адчыненьне зборні — то верная сустрэча з ім. Ня трэ’ будзе з затоенаю трывогаю, з нейкай няёмкасьцю стаяць аднэй ці з Тацьцянай каля шула вешніц і настарожана, з мучэльным чаканьнем пазіраць усьцяж вуліцы, каб угледзіць яго і пераняць да сябе; ня трэба будзе з кіпучаю зайздрасьцю праходжваць у бок Засьценьня і балюча хвалявацца, спаткаючы Кар’ёна з іншаю дзяўчынаю; ня трэба будзе з абурэньнем выслухоўваць плёткі заможніц з Адарчынай зборні, што яны дашчэнту задзічаць Гапу з Тацьцянаю і адаб’юць ад іх усіх хлопцаў, нават каханкаў. Усё гэта адпадзе, толькі зьбяруцца яны ў сенцах Тацьцянінага будынку, запаляць лямпу, і хто-хто, а Кар’ён не абміне — Гапа была ўпэўнена.