Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гапа, ня чуючы пад сабою ног і не прымячаючы цяжару двух поўных вёдзер вады, перабегла двор і апынулася ў сенцах, дзе ўжо яе чакала маці.

— Ведаеце, мама, а Людвіся Клумка будзе гуляць з намі. Мы, вось, згаварыліся з Тацьцянаю адчыніць у іх зборню, — пахвалілася мацеры Гапа.

— А то й што! Ня йсьці-ж вам прасіцца ў Адаркі, каб прыняла да сябе. Няхай свае гонары паказваюць асабіста. Ведаем ужо іх рызыку… адказала маці.

— Ды хлопцы адцураюцца іх. Гэта што ня было ў нас прыпынку, дык яны міналі; а цяпер, нябось, з радасьцю хадзіцьмуць да нас.

— Пэўна! Не цягацца-ж ім блізкі сьвет у Засьценьне, калі пад бокам будзе зборня.

Гутарка з мацераю яшчэ больш падвесяліла Гапу. Свая зборня, гульня, скокі, якіх яна так доўга ня бачыла, паланілі бадзёрасьцю яе істоту, песьцілі пачуцьцё і спляталі салодкія мары. Быў чацьвер, адвячорак, а Гапе хацелася прачнуцца ў суботу. Пятніца, якая ўрэзалася клінам між гэтых двух дзён, так была непажадана Гапе, што яна не хацела гадзіцца з праўдзівасьцю й нямінучасьцю гэтага.

Вайшоўшы ў хату, яна аддалася разважаньням і разьмеркаваньню суботняе гульні: ладзіла ў думках танцы, выяўляла тое ўражаньне, якое, як яна думала, Людвіся зробіць на хлопцаў з другіх вуліц, і здавальнялася душою. У гэткім здавальненьні Гапе не хацелася думаць аб заўтрашнім дні, аб яго пляне працы. Усё гэта да прыкрасьці прыелася ёй. Ня ўсё роўна, папраўдзе, ці трэ’ будзе ёй лён палоць, ці зябліць папар, ці ехаць у лес за ламаччом. Лепей-бы беспарушна мінуць усё гэта!

— Што ты так задумалася, Гапка? — запытала дачку маці, калі ўсёй сям’ёю сабраліся да вячэры.

Гапа нічога не адказала мацеры і моўчкі прасядзела ўсю вячэру; і таксама моўчкі ўляглася спаць.