Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дазволіць у нас гуляць. Наадварот: яшчэ вось учора, калі я ўспомніла аб Людвісе пасэсарчанцы — дык мне маці сама й кажа: «Згуртуйце зборню і гуляйце ў нас. І сенцы, і прыгумень, і прызба ў поўным вашым распараджэньні». Го-о! Ёсьць аб чым клапаціцца! У суботу бяры і проста да нас! я лямпу ўбяру, паднаўлю паперу і… і ня ўступіць памяшканьне іхняму…

Каля хаты Тацьцяны абедзьве спыніліся:

— А прыгумень я таксама падмятаю штодня. Вунь, глядзі, як руніць, як коўдра, — паказала Тацьцяна на зялёную пляму травы ў канцы двара.

Гапа паглядзела і шчыра ўсьміхнулася.

— Добра! ой, добра, Тацьцянка.

— Хаця няхай хлопцы супакояцца, а то часта пытаюць, калі-ж мы адкрыем сваю зборню… Бач, яно сапраўды, кожны раз прыходзіцца абы-дзе туляцца, а ня то, дык і лавіць адно другога.

— Лепш хай пэўнае месца знаюць… А калі твая маці згодна, дык я ўжо, спаткаўшыся, запрашу хлопцаў, на суботу… Ты таксама, Тацьцянка, — паведай, каго ўбачыш. Нябось, падзівяцца й на Людвісю, ці няпраўда, мо’?

Гапа прыйшла ў радасны настрой: нарэшце яе думка ажыцьцяўлялася! Цэлы месяц яна насілася з пытаньнем аб заснаваньні асобнай ад Адарчынай зборні.

Цэлы месяц яна абдумоўвала пляны, як яе наладзіць, каб і весела было на ёй хлопцам гуляць і каб заможніцам паказаць, што можна заўжды абыйсьціся бяз іх. «Нябось — пераканаюцца скора, што сьвет не на іх адных трымаецца! Толькі ззахацець — і можна абыйсьціся. Вось нам яшчэ будуць завідаваць», думала Гапа між гутаркі і пасьміхоўвалася. Тацьцяна таксама была здаволена тым, што знайшлася новая таварышка, якая абагаціла іх кампанію і падштырхнула іх да скарэйшага адчыненьня зборні.

— Дык у суботу да нас, — рашуча сказала яна Гапе і пайшла.