Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Пекнае, галубка, вельмі пекнае: Людвіська — каталічка, пэўна? Ну, а хто яна Макару, ня пытала часамі?

— І гэта вызнала… Вызнала… Толькі нікому не кажы… — Гапа аглядзелася вакола: — Яна прымачка пасэсарава. За дачку ўзялі… Але гэта выведала бокам…

Тацьцяна перш як-бы зьдзівілася, выказаўшы на твары лёгкае нездаваленьне, пасьля матнула рукой і сказала:

— Трохі ніякавата! Як дазнаюцца тыя, скажуць, — зьбіраюць усякае… Але, нічога! Ну, што-ж, няхай кажуць! Бяда вялікая! Хоць прымачка, абы добрая і прыгожая дзяўчына. Гэта ня ганьба! Вунь, паглядзі, Віктося. Аўдзеева ў якой славе… Кожная менітка можа пазайздросьціць… Ды да гэтага, бач, шляхотная якая, далікатная… Вось яшчэ цікава, ці надоўга яны прыехалі сюды?

— Гэтага, Тацьцянка, то ўжо не скажу: хто іх ведае! Але, памойму, ня менш году… Заўсёды пасэсарства ладзіцца самае меншае — на год… А год — часу досыць, до-осыць, каб падружыцца… Нябось, ня скажуць цяпер, што мы адны, ды ў завідзе ім, не-э…

Дзяўчаты падышлі да студні, начэрпалі вады і вярнуліся назад.

— Цяпер толькі адно — дзе-бы нам ямчэй асесьціся? Каб то ў вас, дык вельмі латва было-б, але наўрад ці твая маці згодзіцца! І так цэлую зімку пратаўкліся ў хаце. Уелася тваёй мацеры ў косьці. Каб яно ў нас былі сені гэткія, і то, ліхо яго ведае, цякуць, неабіты папераю, ложка няма, пограб пасярэдзіне… У іх там — дык на дзіва памяшканьне для зборні. Як абозьня — хата! Сям’і часта няма ў дому, і тая кручаная Адарка гаспадаруе адна, як хоча… Гэтым яны й бяруць… Што-ж, хлопцы там штохоць робяць, мудруюцца, лазяць усюды, і ніхто не перакорыць… Слухай, Тацьцяна, а мо’-б, часамі, твая маці й дазволіла-бы, га?

Тацьцяна дабрадушна ўсьміхнулася, зазірнула таварышцы ў вочы і адказала:

— А чаму табе здаецца, што мая маці ня хоча зборні? Хто табе набаяў? Яна ніколі й не заікалася аб тым, што не