Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БАЙСТРУК

I

— Ведаеш, Гапа, — пачала Тацьцяна, стрэўшыся з Гапаю, ідучы па ваду: — А ў пасэсара гэтага, Макара Клумкі, прыгожая дзяўчына — няўжо то яго дачка? На погляд, як быццам яны замаладыя для яе і тварам ніводнае неспадобны. То, бадай, якая-небудзь сваячка іх, у госьці прыехала; або служка… Толькі, каб служанкаю была, ня так-бы адзявалася багата. Прынамсі ўчора я бачыла яе ў сьвяточным адзеньні, дык, паверыш, не наглядзецца дзяўчына… Ты, нябось, бачыла ўжо яе?

— А як-жа, бачыла — заўчора з поля ехала, пэўна скародзіла ў выганах. Сапраўды прыгожая дзяўчына. Я першая загаварыла з ёю, пазналіся мы і, ведаеш, я нават запрашала яе прыйсьці на нашу зборню. Усё ёй расказала, як і што ў нас адбываецца гульня. У суботу прыдзе. Як, ці то добра я зрабіла? — папэўнілася Гапа.

— Вунь што кажа! Вядома, што добра! Гэта-ж цяпер наша зборня адаб’е ўсіх хлопцаў ад гэтых менітых! — здавольнена выказалася Тацьцяна. — Цяпер у нас станецца гэткая зборня, што толькі падзівіцца. Нас зьбярэцца душ шэсьць: ты, я, Карпусянка, Грызюха, пасэсарчанка… Ня вельмі ўстрашылі, што аддзяліліся; яшчэ лепш… Як, бок, завецца яна, ты ня пытала часамі?

— Чаму не, — палішчаная тым, што першай запрасіла да сябе пасэсарчанку, хвалілася далей Гапа: — Людвіся завецца… Праўда, пекнае імя?