Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/319

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вобчаствам, перад усім чалавецтвам. Нельга зараз глядзець на казну, як на нешта чужое, на вошта часамі (а то і часта) можна махнуць рукою. Нельга ламаць і па кусочках расьцягаць, як то многія робяць яшчэ і да гэтага часу… Памойму, Даміцэля Вікэнтаўна, правядзеньне асьветы — то першае заданьне ня толькі правіцельства, а і нас, больш-менш сьвядомых людзей. Вось чаму нам асабліва трэба налегчы на тэатр. Трэба паказаць рэволюцыйную драму, асьвятліць вялікія ідэі; а поруч — наставіцельныя пастаноўкі… Усё відаць, ня трэба натужваць памяці. Селянін ня прывык думаць над прачытаным, ды і чытаць у большасьці ня ўмее. Перш паказаць яму трэба вобразамі, ачула, як на далоні.

— Стойце, Ладымер Сымонавіч! — раптам жахліва закрычала Даміцэля, тузнуўшы Ладымера за рукаў: — Вунь жонка ваша йдзе сюды…

Ладымер разам спыніўся і паглядзеў між бераг сажалкі, да якой яны падыйшлі. Зусім недалёчка ад іх, подбегам, з кіём у руках, ішла Акіліна.

— Дзе ты была дагэтуль? — паслаў Ладымер насустрэч, сумеўшыся, аднак, гэткай стрэчы. Адказу не атрымаў.

Даміцэля на некалькі крокаў адступілася ўбок і нязьмігутна глядзела на Акіліну. У яе нутры зашчымела, зарухалі палахлівыя думкі. Як зьвер, захоплены зьнянацку ахвотнікамі, яна ня ведала, куды падацца, як кіўнуць галавою, як шавяльнуць губамі. Не глядзела на Ладымера, бо не чакала ад яго жаднай дапамогі.

Ладымеру перадаўся яе настрой, і ён таксама чакаў нечага надзвычайнага і нясупынна паводзіў вачыма то ўправа, то ўлева. Калі Акіліна падыйшла зусім блізка, на адгон якіх пяцёх крокаў ад іх, ён крануўся з месца, каб яе супыніць. Але Акіліна хіснулася ў бок і шустрым скокам, як кошка наскакаючы на птушку, кінулася на Даміцэлю. Ладымер ня ўсьпеў агледзецца, як абедзьве жанчыны шчапіліся за валасы, завярцеліся клубком, закрычалі.

— Курва паганая! Ты прыехала жыцьцё мне разьбіць! — дзіка крычала Акіліна, перамагаючы Даміцэлю і таўхаючы