Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/318

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сама-ж з зацікаўленьнем пазірала па бакох, прыглядаючыся да кожнага дрэва, да ўсялякага кусьціка. Пралятала птушка — яна кідала ёй усьлед свой погляд, вярцеўся матылёк — Даміцэля прыпынялася і, як дзіця, памыкалася кінуцца і злавіць. Яе ачулая душа, сасмагшая па чыстым паветры, па зелені, па пяяньню птушак, апівалася вакольнымі вобразамі і цешылася. Даміцэлі не хацелася й шавяльнуць мозгам, не хацелася на момант адцягнуцца ўбок. Роўная, ціхая гутарка-гудзеньне Ладымера толькі была дапаўненьнем агульнай музыкі, якую вялі мошкі, птушкі і ціхі шэлест лісьцяў. Працягнуўшы руку, Даміцэля гладзіла кусты, мацала камлі клёнаў і ліп, лавіла тоненькія павуцінкі. Ужо забылася аб тым, што прыдзецца аглядаць вядомыя мясьціны — дзеля чаго, калі ўвесь парк — адна суцэльная прыгожая мясьціна. Яна-б, чулася так Даміцэлі, ішла-б бесканечна сваім роўным ціхім крокам і не стамілася-б. Усё-б любавалася, усё-б мілавала жывучую прыроду.

Каля старой, пахіленай, абросшай мохам альтанкі Ладымер павярнуў налева. Даміцэля не заўважыла гэтага. Толькі калі яны прайшлі з паўганоў і між густых кустоў крушыны і какалушы яна спынілася вачыма на лапінах цёмнае вады, тады запытала Ладымера.

— Ці ня сажалка вунь?

— Вось, налева ад яе клумбы красак. Забачыце, як мастацка іх рассадзіў Парог. Сам агроном і з замілаваньнем любіць сваю справу. Дарагі чалавёк. Каб такіх пабольш. Вось ужо дык са шчырасьцю працуе для савецкае ўлады — няма чаго казаць. Ведаеце, мяне затым і зманілі сюды. Думаю, што нам удасца цалкам аднавіць гэты саўхоз. Я вазьмуся каля паравіка, адстрою млын, лесапілку і крухмальню… А вы… Убачыце, як усё заверціцца, заходзіць. А паставіўшы на мазь — перадаць сьвядомым працаўніком, якія-б глядзелі на гаспадарства, як на сваё ўласнае… Вось, Даміцэля Вікэнтаўна, у чым заключаецца адно з адпаведнейшых заданьняў — зрабіць культурнымі нізы. Улажыць у душу цёмнага селяніна выразнае адзнаньне дзяржаўнасьці, доўгу перад