Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/317

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ласьне ёсьць што-кольвек абедаць?

— Варылі сеё-тое.

Ладымер скрывіў злосную міну і цьвёрдым голасам адказаў:

— А яна-ж казала, што няма чаго… Давайце, што ёсьць… Сядайце, Даміцэля Вікэнтаўна. Сядай, Паўлусік.

Хутка старая падала на стол капусту і ўсе ўчацьвярох прыняліся абедаць. За абедам ніхто нічога ня гутарыў, і Ладымер, як і да гэтага, пазіраў на дзьверы і чакаў з няцерпам Акіліну.

Цешча таксама непакоілася за дачку, некалькі разоў устаючы з-за стала і падыходзячы да вакна.

— Дзе яна дзелася? — ня стрымаўся Ладымер, вылазячы з-за стала.

— Я хіба пайду пашукаю яе? — запытала цешча і, не чакаючы адказу, выйшла з хаты. Паўлусік пабег за бабаю.

Ладымер няпрыветным зіркам правёў іх да дзьвярэй і пасьля абярнуўся да Даміцэлі:

— Давайце, Даміцэля Вікэнтаўна, я павяду вас паказаць нашу сцэну?

— Давайце, — згадзілася Даміцэля.

Яны тут-жа выйшлі з кватэры. Ладымер з хвілінку пастаяў за дзьвярыма, ня ведаючы, як быць, ці пакідаць незапёртай кватэру, ці мо’ пачакаць, пакуль хто вернецца. Рашыў пакінуць.

Паціху, моўчкі прайшлі яны калідор і спусьціліся па сходах на ганак.

— Давайце пройдзем у парк, да сажалкі: там паглядзімо красак і культурную агародніну, а пасьля пойдзем у памяшканьне для тэатру. Паглядзіцё, якая прыгожасьць прыроды! — запрапанаваў Ладымер, і яны павярнулі ў парк тэй-жа дарогаю, якою йшла Акіліна.

Але ўвайшоўшы, яны не пайшлі ў глыб парку, а павярнулі налева да сажалкі. Ідучы, Ладымер падрабязна расказваў Даміцэлі сучаснае становішча саўхозу і яго мінуласьць. Даміцэля ня так слухала яго, як давала выгляд, што слухае;