Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/311

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ным носам, які-б вельмі пасаваў ёй, каб крыху паўнейшымі былі яе шчокі, заўпалыя, роўныя, як дошка, грудзі, з сінімі жыламі, з гострымі вытыркамі ключыц — сьведчылі аб нярадасным жыцьці жанчыны. Можна было пашкадаваць яе і пашкадаваць шчыра. Але бедны выгляд жанчыны ўсё-ж ня суміў яе, а быццам-бы быў зусім нязначным фактарам у яе жыцьці: яна была жывуча, рэзва, з настроем вяла гутарку з Ладымерам. Парог і агароднік, якія ехалі разам, не маглі зьдзівіцца, адкуль у іх бяруцца словы і адкуль старчае цікавасьці. Між сабою яны падсьмейваліся і раскрывалі вочы.

Выехаўшы на грудок, з якога віднеюцца Скуплі ў чатырох вярстох, Ладымер настаражыўся, кінуў гутарку аб сваёй працы ў Ленінградзе і ўрачыста праказаў да Даміцэлі:

— Паглядзеце, чым-жа гэта не краса?

Даміцэля ажно прыўстала на возе і паглядзела на Скуплі.

— Праўда, прыгожая мясьціна. Я так даўно ўжо была ў маёнтку. Толькі перад вайною. Некалі езьдзіла з Масквы да знаёмых у маёнтак. Як весела праводзіла час! На поплаве зьбярэмся і строім спэктакль, сярод красак, у вянкох, у траве. Цікава ўспомніць, — пахвалілася Даміцэля.

— Вось цяпер затое пагуляеце. Толькі выяўце жаданьне астацца ў нас за кіраўніка тэатру і будзеце гуляць па поплаве ўволю.

— Што-ж, я буду ў вас лішнім ротам… Праўду кажучы, я ад вас нічога, апроч яды, не патрабую. Я бескарыстна памагу вашай працы. Я дзеля служэньня тэатру, даступнаму для народу, многім афяравала. Кінула некалі багатых бацькоў, кінула імянітага жаніха, усё, што абяцала мне замуства — пайшла ў тэатр, каб служыць народу…

Яе словы прыемна казлыталі Ладымера. Ён ня думаў, слухаючы Даміцэлю, ні аб чым, нават аб сям’і, а выключна быў заняты плянаваньнем тэатральнай чыннасьці для сябе і для Даміцэлі. Яго цешыла і лісьціла тое, што яму ўдалося зусім выпадкова натрапіць на Даміцэлю, угаварыць яе