Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/310

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Тата заўтра вернецца; сёньня ўжо вечар, паглядзі, сонейка зайшло, і ў лесе ваўкі ходзяць…

— А мне гасьцінца прывязе?

— Прывязе, пэўна прывязе.

— А чаму ён сёньня ня едзе? А мо’ яшчэ і прыедзе?

«Можа дзе й едзе» падумалася Акіліне, і яна міжвольна выцягнулася ў вакно і паглядзела ў бок выезду з Скупляў. Чорны змрок, згушчаны ў каронах дзярэў, спадаў шэрай палатнінай к зямлі. Сіняе неба цьмілася змрокам, мяняючы празрысты промень на смуглы одсьвет тухнучага заходу. Над лесам, яшчэ няярка, мігацела вячорка. Яе вітаў жабін хор, рэзвыя дзіцячыя крыкі на дзядзінцы.

— Не паедзе, дзеткі, сягоньня; будзем лажыцца спаць, сыночак.

— Я пачакаю яшчэ…

— Трэба спаць, набегаўся за дзень… Лажэмся…


X

Паўдзённае сонца пякло, як і ў папярэднія дні. Стаяла духата — усе лужыны і канавы павысыхалі і ліпкі глей пакалоўся глыбокімі маршчынамі. Нават ветрыку не знаходзілася, каб паварушыць санлівымі расьлінкамі. Куды там гнаць коні ў такую пагоду! Фурман Посік, аднак, нясьціхана матаў пугаю, раз-по-разу хвастаў то правага, то левага і нокаў-нокаў… Але гэта было на паказ, няшчыра, абы не сядзець маўчліва і непарухна.

Ладымер яшчэ ў лесе зьлез з возу і, ідучы з ім, вёў гутарку з Даміцэляй Гумбінскай, маладою, пахудзелаю, з чэрствым, памятым тварам ні-то дзяўчынаю, ні-то маладзіцаю. Яна была адзета ў моднае плацьце, пераробленае з старога, з кароткімі рукавамі, буланае фарбы. Прычоска, таксама модная, біла на зухаватасьць і прыдавала Даміцэлі выгляд дасканалай артысткі. Тоўсты слой пудры на твары і чорныя пісагі пад сінімі вачыма, заўпалымі, непразрыстымі, кармон, як кроў, на губах, худых і тонкіх, пад строй-