Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/312

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ехаць. Як многа можна зрабіць з ёю! Ладымер пераканаў у гэтым Парога, калі ўгаварваў чым-колечы пасабіць ёй. Запрашэньне пячніка і выпаўненьне праў, зьвязаных з рэмонтам паравіка, адыйшлі на задні плян, зацямніліся — то было дробным для Ладымера.

— Вось гэты дом — гэта палацы паноў-магнатаў Крэўскіх, — паясьняў Даміцэлі Ладымер. — У другім паверху мая кватэра, а ў ніжнім — заля для тэатру. А пабачыце, які з балькону дзіўны выгляд у парк! Мы прыедзем, паабедаем, і я вам пакажу ўсе месцы. Пабачыце…

Яны спусьціліся з грудка. Парк засланіў сабою будынкі саўхозу. Ладымер падсеў на воз і вярнуўся да ранейшага апавяданьня аб сваім жыцьці на заводзе, аб прычынах захапленьня тэатрам. Даміцэля ўважліва яго слухала, закідала пытаньнямі, цікавалася многімі падрабязгамі.

У захапленьні гутаркаю, абое не прымячалі нічога, што было абапал дарогі, скора, ці не, даедуць. Толькі больш громкія выкрыкі фурмана адцягвалі іх увагу і то на момант. Нават топалі, асаджаныя абапал паўздарожку пры самым саўхозу, не зьвярнулі на сябе іх увагі.

— Вось і дома, якраз чатыры гадзіны, — знарок гульчэй праказаў Парог, калі коні зьвярнулі ў маёнтак.

Гэта перарвала гутарку Ладымера з Даміцэляй, і яны прымоўклі. У маўчаньні прыехалі на дзядзінец. Калі фурман прыпыніў каля ганку коні, а з усіх бакоў сталі зьбягацца дзеці, Ладымер першым зьлез з возу і прыглядзеўся на дзяцей, шукаючы свайго Паўлусіка. Яго ня было.

— Давайце, я вазьму ваш клунак і пойдзем да мяне, — запрапанаваў ён Даміцэлі.

Тая маўчліва згадзілася. Ладымер пасабіў ёй зьлезьці, дастаў невялікі стары і падраны сакваяж і ўзышоў на ганак.

— Прыходзьце, таварыш Парог, у тэатр.

— Ня ведаю, спачыць хочацца з дарогі; хіба заўтра ўжо.

— А я вось з Даміцэляй Вікэнтаўнай пайду аглядаць.