Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/309

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыедзе, толькі пераступіць парог у пакой, толькі ўбачу яго твар». Акіліне ў гэтай хвілі прыходзілася дваіцца ў шчырасьці, якая абурала яе нашчэнт, вылівалася напаверх, як ніколі, і прасілася для перадачы часткаю сынку, а часткаю мужу. Дрэнчыла балюча, каб хутчэй яго ўбачыць і аглушыць сваёю ласкаю.

— На, толькі панюхай, мама, як добра пахнуць краскі, — падаў мацеры пучок красак Паўлусік.

Акіліна зноў падняла сынка, зноў пацалавала яго і панюхала краскі. Тонкі, далікатны пах канюшыны і валошкі, цюцюпану й куколю стромым жаралком уліўся ёй у лёгкія.

— Мой сынок, ты, мабыць, шчыра любіш сваю маму? — разжалабена запытала яна Паўлусіка.

— Я вас вельмі люблю, мамачка.

Старая, нязьменна сочачы за дачкою і ўнукам, за тым, як яны галубяцца, цешылася з абоіх, умілялася шырокаю ўхмылкаю на твары. Яна ўжо даўно не прымячала гэтага з Акілінаю і думала сабе, з якое прычыны ў яе гэткая перамена.

— Ты мо’ хацела куды пайсьці ды праспала? — запытала маці, каб не сядзець моўчкі.

— Не хацела… пайду другім разам, — адказала Акіліна, і раптам пахмурнела, задумалася. Паўлусік хапіў яе за руку, а яна змаўчала. Акіліну запрыкрыла адно напамненьне аб ранейшым. Хай-бы ніхто ня кратаўся сёньнешняга дня ў яе жыцьці. Ён так глыбока страсянуў яе істоту, так балюча раніў сэрца і так многа вытачыў крыві, што яна гатова-б праклясьці яго, гатова-б выкасаваць з свайго жыцьця… Чым ён кончыцца для яе?

Паўлусік узяў мацеру за руку і падвёў к вакну, пасьля пабег і прысунуў зэдлік, устаў на яго і, аднэй рукою трымаючыся за мацеру, другою абапёрся на падаконьнік, схіліўся ў вакно.

— Можа тата едзе?

Старая падыйшла таксама і прытрымала Паўлусіка за фалду кашулькі.