Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хутка пайшоў да ўходу на цьвінтар, перасек яго да выйсьця ў папоў дзядзінец. Без затрымкі апынуўся на ім, сярод рахманых коняй, якія паважна стаялі ля вазоў, і, у чэсьць вялікадня, уміналі корм. Ад здавальненьня фыркалі, тупалі нагамі, чапляючы аглоблі. Нейкі асабісты імпэт, зьмешаны пах парагоў і парасяціны з смуродам конскага гною, напаўняў папоўскі дзядзінец, разносячыся далёка за яго.

Антось прыгледзеўся паміж вазоў і зрабіў некалькі крокаў убок. Хапіўся за біла і пастаяў.

Потым яшчэ мінуў адзін воз і прысеў: яму здалося, што на трэцім возе хтось сядзіць. У прысядкі дайшоў да брамы і адшукаў клямку. Думаў, што замок павешан, але яго ня было. Значыць — засунута. Антось абмацаў засаўку і, затаіўшы дух, абедзьвума рукамі хапіўся за яе. Леваю прыціскаючы адзін канец засаўкі, праваю ён націскаў другі. І бяз зыку адвёў. Пасьля, згорбіўшыся, абышоў колькі падводаў, часта забываючы, для чаго ён да іх падходзіць, і, нарэшце, спыніўся ля брычкі, якая стаяла ў самым кутку, між сьцяною паповай хаты і плотам. У перадку брычкі тырчала вялікая паўвасьміна, з коптурам напікаваная пірагамі і іншай ежай, прывезенай да царквы ня так для пасьвячэньня, як напаказ. Паўвасьміна была абкрыта белаю сурвэтаю — Антось пазнаў, дакрануўшыся.

Дакрануўся і не знайшоў сілы адняць рукі — нібы прыляпілася яна да каробкі. «Гэтую, гэтую, гэтую!» як стук малатка па касе, калі яе адбівае касец, прастукала думка ў Антосевым нутры. І ён з неапісанай пасьпешнасьцю замятусіўся каля каробкі. Ступіў на калодку каляса — і саскаўзнуўся. Некалькі раз стукнуў паўвасьмінаю аб руб брычкі — але не заўважыў, а плішчыў, каб паставіць на біла.

Нарэшце панатужыўся як мага, і, штосьці зламаўшы, выцягнуў.

Паставіў якраз, каб узяць на плечы, і ўжо намерыўся стаць, як раптам зазванілі на абхаджэньне. Антосю пачулася, нібы хтось стукнуў ззаду ў пасудзіну, і ў яго ад спугу