Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/308

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стаячай стрэчы з мужам; вось гэта ўжо блізка, толькі мінецца ноч. Як яна паглядзіць яму ў вочы? Прыдзецца таіць; а — раптам — Ладымер даведаецца — што тады? Акіліна пры гэтай думцы скаланулася ўсёю істотаю, крэпка сьціснула зубы і хапілася аберуч за косы. Нядаўна перажытае глянула ёй ў вочы адваротным, агідным чудзішчам, праціўным і спрашным… Яна ня ведала, што зрабіць, каб хутчэй адагнаць яго як далей ад сябе, прызабыць… Апраўдаць сябе не памыкалася, бо ня было за вошта хапіцца, толькі-б прызабыць, адыйсьці…

Акіліна ня прымеціла, як ўвайшла ў хату маці, не пачула, як Паўлусік, пераступіўшы парог, пазваў яе, працягваючы ў руках букет красак. Нават не азірнулася на іх. Патрабавалася, каб маці падышла к ёй, зазірнула ў вочы і запытала:

— Ты толькі-што ўстала? Выбачай, я зусім забыла цябе разбудзіць у час… Бач, ня тое, што забыла, а не магла… Паўлусік зацягнуў мяне ў паплавы к самаму лесу, і ніяк я не магла яго залучыць дадому. Бегае, рэзьвіцца, ганяецца за матылькамі і маладымі варонкамі, рве краскі і як быццам-бы ня чуе, што ты яго завеш… Паглядзі, вунь, колькі ён табе прынёс красак… Знарок нёс…

Падбег хлапчук і замілаваным паглядам кінуў Акіліне ў твар. Нельга было ўтрымацца перад выкрытай ласкай, якая абыймала Паўлусіка, і найчарсьцьвейшай душы чалавечай. Тым болей — мацеры. Акіліна як стаяла хмурнаю, задуманаю, так раптам абярнулася ў адкрытую радасьць, у нязьведанае натхненьне. Зразу пачула, як зацюкала сэрца, абліваючыся гарачаю любасьцю, як глыбока западала гэта любасьць у яе душу… Акіліне прагна хацелася змыць гэтаю любасьцю да свайго дзіцяці нядаўны выпадак з сабою, згладзіць тую шурпатасьць, якая засталася ў яе нутры пасьля выхаду Цыбуліна. Яна схапіла Паўлусіка на рукі, моцна абняла яго, прыціснула да сябе і запойна расцалавала… Каб у гэты момант — мігнулася ёй думка — быў Ладымер, яна хінулася-б яму на шыю і цалавала-б доўга-доўга, пакуль-бы той не дараваў ёй яе праступку. «Я так і зраблю, толькі ён