Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/307

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з Цыбуліным, які ў растрывожаным, нясьмела- сарамяжым выглядзе твару стаяў у галаве ля падушак і чакаў, пакуль яна прароніць слова, з якога-б ён мог заключыць, ці яму йсьці ці аставацца. Ён прагна чакаў хоць якога зыку ад яе і нязьмігутна глядзеў ёй у твар. Акіліна нутром улавіла яго настрой і спагадліва-нядбайна, нават з агідаю, спакойным галасам праказала:

— Ідзеце, Цыбулін, мне хочацца астацца аднэй. Ідзеце, прашу я…

Цыбулін ёмка схінуўся, хочачы яе пацалаваць, але Акіліна знакам рукі заставіла яго выпрастацца: як ігрок, які жыве натужным жыцьцём, перад новым сэнсам ігры адчувае салодкую трывогу мажлівага посьпеху, а кончыўшы ігру і застаўшыся з невялікім пройгрышам адчувае цяжкае разувер’е, — як гэткі ігрок, пачуў сябе Цыбулін пасьля слоў Акіліны. Яму не аставалася нічога зрабіць, як павярнуцца і пайсьці з хаты. Так ён і зрабіў; але, каб ня даць выгляду пакрыўджанага, ён з ужытай яму ёмкасьцю і вяртлявасьцю даў даўбачэньне, завярнуўся і пайшоў к дзьверам. І калі схаваўся з кватэры, Акіліна хутка паднялася з ложка, падбегла да дзьвярэй, прыслухалася, праверыла, ці добра зачынены, і вярнулася к люстэрку. Аднак, беглы озірк на яго адбіў ахвоту пільней углядацца, і Акіліна падыйшла к вакну і паглядзела на дзядзінец. Перад яе вачыма прайшла маладая пара, рабочы з жонкаю і маленькім дзіцянём. Гэта раптам узбудзіла ў Акіліны думкі аб Паўлусіку. Яна схамянулася і настаражылася. Прыпомніла, што маці абяцала яе абудзіць. Зацікавілася з стрывожнасьцю як з ёю было? Ці ня прыходзіла маці? Ці не застала ў кватэры Цыбуліна? Што, калі яна падглядзела што-кольвек? З патайных куткоў яе душы стаў прасочвацца нейкі атручаны сполах, перамешаны з гостраю балючаю прыкрасьцю. Вынікала пытаньне аб чэснасьці к мужу, а гэта пацягнула за сабою разуменьне праступку… Сьледам думка, непакорная ёй, самастойная, вярнула на памяць Ладымера… Зарухаў цэлы рой няпрыемных вобразаў. Самі сабою пачалі ўставаць нарысы прад-