Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/305

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адказаць, яна згубіла жаданьне выходзіць. Штосьці надало ёй ізноў тупаць па каморцы ўперад ды ўзад. Акіліна адыйшла ад вакна і намерылася крануцца йсьці наўскасяк, у куток каморкі, але толькі падняла нагу, каб зрабіць крок, як раптам пачуўся стук у дзьверы. Яна не знайшлася гукнуць дазволу вайсьці, а падбегла да дзьвярэй і адчыніла іх нарасхлест. Перад ёю стаяў Цыбулін, перапрашаючы за неспакойства:

— Выбачайце, Акіліна Іванаўна, што я парушыў ваш пакой, — ветліва, схінуўшы голаў, перапрасіў ён.

Акіліна сумелася ад неспадзяванасьці яго ўбачыць у гэты час і на гэтым месцы і ў зьдзіўленьні прамаўчала.

Цыбулін прыняў яе маўчаньне за дазвол ўвайсьці ў кватэру і рашуча пераступіў парог, прычыніўшы за сабою дзьверы.

— Вы адны дома? — ён агледзеў вакола пакой і спыніўся поглядам на адчыненым вакне.

Маўчаньне Акіліны не дазваляла яму казаць што-кольвек больш, і Цыбулін маўчаў, чуючы сябе ніякавата.

Акіліна зразумела гэта і, упікнуўшы сябе за негасьціннасьць, ласкава запрапанавала Цыбуліну:

— Сядайце, калі ласка.

Цыбулін прысеў каля стала, палажыў рукі і зрабіў здавольным твар.

— Нудзіце бяз мужа?

— Ня зусім, — прызналася Акіліна.

— Вы праўду кажаце?

— Хочаце верце, хочаце не…

Яна перш прысела з боку яго, пасьля ўстала й падышла к вакну, затым вярнулася к ложку й паправіла пасьцель, памятую спаньнем, нарэшце вярнулася к сталу і стала пры ім, апершы рукою шчаку. Цыбулін павярнуўся к ёй і хапіў за руку вышэй локця.

Гэтага было даволі, каб Акіліна раптам успалілася прагным жаданьнем, пачырванела ўся, задрыжэла і бязвольна, маўчліва апусьціла голаў яму на плечы. Нібы зда-