Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/304

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Выпі, дачушка, і тады засьнеш.

— Не хачу. Вы пеце, а я лягу крыху засну… А восьмай гадзіне мяне разбудзіце.

— Добра, дачушка: мы выйдзем з Паўлусікам на двор, а пасьля я цябе абуджу…

Старая сагрэла гарбату, загасіла чыгунку і прынялася паіць унука і піць сама.

Акіліна ў гэты час скінула падушку, адхіліла капу і прылягла, не разьдзяваючыся. Зразу, не аглядзеўшыся, яна задрамала і ўжо ня чула, як маці з сынком пайшлі гуляць.


IX

Акіліна праспала каля пяцёх гадзін і прачнулася а палове шостай. Яна паднялася з ложка, пазяхнула засаб разоў некалькі, прайшлася па пакоі. Ніякіх выразных думак ні настрою яна не адчувала пасьля спаньня. Лёгкі асадак нейкага заблутанага няяснага сну мігаў у галаве адрыўнымі, выпадковымі думкамі, але цэльнасьці не даваў. Не чапала Акіліна думкамі і Цыбуліна: прагулка па парку, спатканьне з ім на ганку асталіся дзесьці з боку, за нейкаю цьмянаю плевачкаю.

Каб хто папытаў яе ў гэты час, аб чым і што яна думае, Акіліна нічога не сказала-б, бо й сама ясна не выяўляла гэтага.

Яна бачыла пустую каморку кватэры, па якой хадзіла адна аднэй, няведама з якой мэтай і за чым. Для яе ня было блізкага нікога; нават Паўлусіка яна ня ўспомніла, дзе ён і што з ім. Забыла Акіліна і дапамінаньне свае мацеры, каб тая яе абудзіла а восьмай гадзіне. Раўнадушны азірк вачэй насіўся па сьценах каморкі, пападаў у прачынетыя вокны. Адзін раз Акіліна зірнула ў вакно і ёй паказалася, нібы пры сонцы падае дождж. Гэта яе зацікавіла: яна міжвольна падыйшла к вакну і спынілася. Задумалася, ці ня выйсьці на двор пасядзець крыху на чыстым паветры. «А пасьля?» — чапіла яе пытаньне. І, не знайшоўшы што