Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/303

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ах, Акіліна Іванаўна, адкуль вы так рана? — ветліва запытаў ён.

Акіліна была захоплена стрэчаю з Цыбуліным: яна ня ведала, што адказаць на яго запытаньне, якога тону трымацца, да чаго дастасоўваць гутарку. Усе думкі і жаданьні, якія да гэтага моманту вярцеліся вакол імя Цыбуліна, дзесьці зьніклі, расталі і на іх месцы асталася пустата. Так раптоўна тухне зара, нядаўна зыркая, прамяністая.

— Я падсоблю вам узысьці, — спрытна хапіўшы Акіліну за рукі, праказаў Цыбулін.

Акіліна адняла ад яго руку і прамовіла:

— Я ўтамілася, гуляючы ў садзе. Прачнулася поцемкамі, як Ладымер ад’яжджаў і больш не магла заснуць. А цяпер так хочацца спаць…

— А таварыш Ложка ўжо паехаў?

— Ужо даўно, гадзін чатыры таму.

— Дык вы адна сёньнека, удавою?

— Адна, — адказала Акіліна і пачула лёгкі прыступ знаёмых пазываў.

— Вы так верны мужу, што хочаце праспаць яго адсутнасьць, каб і чужое вока не зазірнула на вас… А я зьбіраўся запрасіць вас у парк…

— З усёю радасьцю, але не цяпер… Валюся з ног…

— Я паказаў-бы вам пекныя месцы, гістарычныя, аб якіх яшчэ легенды жывуць…

— Хіба адвячоркам… — само выпала з вуснаў Акіліны.

У першы момант гэты выказ адазваўся прыкрасьцю ў яе нутры, але ў чародную хвіліну яна адумалася і забыла раскаяньне.

Цыбулін прайшоў з ёю па ўсходах на верхні паверх, пажадаў «усяго харошага» і вярнуўся назад.

Акіліна прышла ў кватэру і зразу-ж села на крэсла. Маці ўходжвалася ля чыгункі, гатовячы гарбату. Паўлусік стаяў ля вакна й перакрыкваўся з дзеткамі на дзядзінцы.

— Будзем гарбату піць? — запытала маці ў Акіліны.

— Пеце адны, ня хочацца. Сон бярэ.