Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чы неба і сонца. Толькі рэдкімі плямкамі ў лісьцяной гушчы раскідаліся кусочкі сонечных праменьняў, пярэсьцячы цёмны фон драўляных шатаў. Як праз рэшата, пасмачкі яго падалі ў траву і кусты. Акіліна ціхаю паходкаю йшла ўсьцяж гэтай дарожкі, бяздумнаю, з нявыразным прыдаўленым настроем. Глядзела ў бакі, раскідаючы зіркі па сьветлых сонечных плямках. Перад ёю і над ёю пархалі птушкі — валовы вочкі, жоўтабрушкі, дзятлы. Выляталі з кустоў, жахаючы яе. Трапяталі матылькі і гулі мошкі… Акіліна мінула дзьве ператочных дарожкі і ўжо падыходзіла да трэцяй, а гэтая, па якой яна йшла, усё яшчэ цягнулася ўперад. Прыпынілася на скрыжаваньні, пастаяла крыху, паглядзела направа й налева і пайшла далей.

Але не пасьпела прайсьці з паўганоў, як нейчы сьвіст яе спыніў. Яна азірнулася: па папярэчнай дарожцы прайшлі двое хлопцаў. Акіліна правяла іх поглядам і пайшла ў свой бок. Паціху падышла к канцу дарожкі, к плоту. Аглядзела лугі, што абыймалі парк, спынілася зіркам на лесе і невялічкім фальварачку пры ім. Потым завярнулася назад і ўжо хутчэй прайшла да першай ператочнай дарожкі, дзе спынілася ля арэхавага куста і выламала дубчык. Тут яна пачула, што сьвежае паветра і ціхая хада яе прытамілі: захацелася адпачыць і пацягнула прылегчы на траве. Але сырасьць стрымоўвала. К гэтаму Акіліна ўспомніла пра кватэру і Паўлусіка: «Можа ён прачнуўся? Маці будзе злаваць, што я пацягнулася і соўваюся доўгі час». З гэтымі думкамі Акіліна пайшла дамоў, скора, бадзёрысьцей, не азіраючыся. Хутка падышла к варотцам і вышла з парку. Фасад муру спыніў яе пагляд і раптам дапомніў ёй аб кватэры Цыбуліна, аб ім самым, аб нядаўнім жаданьні ўгледзіць яго праз вакно ці сьпячым, ці толькі што ўстаўшым, яшчэ неадзетым. Зараз гэтыя жаданьні былі глушэйшымі, і яна нават не паглядзела ў вокны, а пайшла к ганку. Падышла і ўжо намерылася ўсходзіць на ганак, як раптам, падняўшым вочы, угледзіла Цыбуліна, які прымхаю выскачыў з дзьвярэй і падбег да яе: