Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чоску. Каля вушэй апусьціла модныя бачкі, а сьпераду — хібок. Справіла — і прагледзела сьпераду і з бакоў. Прыпляскала рукою. Радзімец каля носу, прыдаваўшы Акіліне характэрную рыску, зацікавіў яе і адцягнуў на момант увагу. Акіліна цешылася сабою, зусім забыўшы пра Ладымера. Здавалася ёй, што і іншыя думкі прытупелі, згубілі сваю цікавасьць… Аднак, нейкая незьясьнёная сіла, настойны позыў, затаены прымус таўхалі яе па гатовым шляху. Яча дастала з куфэрку белую ў чырвонасінія квяты тарыноўку, ускінула яе на плечы і цішком, як-бы скрадаючыся, вышла з кватэры.

У цёмным калідоры раптам стукнула ў яе нутры жаданьне, рэзкае і выразнае, як іскра, жаданьне — прайсьці між кватэры Цыбуліна, паглядзець у вакно, як ён устае, і падаць сыгнал… Закружыліся вірам разнастайныя блутаныя думкі, паўстала палкае абурэньне, адчуваньне нейкае ні-то асалоды, ні-то трывожнага здарэньня. Яна пачула, што шматразовыя пазывы пераходзяць у хваробу.

Сышоўшы на ніжні паверх і вышаўшы на ганак, Акіліна на момант прыпынілася, паглядзела па бакох і сышла на дзядзінец. Яшчэ крыху пастаяла, пасьля кранулася налева, адгонам двух сажняў ад будынку, каб спраўней сачыць у вакно Цыбулінай кватэры. Зрабіла некалькі крокаў, прамінула два вакны агароднікавае кватэры і параўнялася з вакном каморкі Цыбуліна. З нейкай трывожнасьцю зьмерыла яго поглядам і тут-жа адхілілася. З парку вышаў арандатар саду, Сроль, які, цікава разьзіраючы Акіліну пайшоў на дзядзінец саўхозу. Ужо мінуўшы вакно, яна яшчэ раз кінула ў яго косы пагляд, але ўгледзела белую фіранку. Гэта астудзіла Акілінін настрой. Яна, скрывіўшыся, прайшла ў парк.

У парку панясло вільгацьцю, памешанай з пахам цьвету ліп і кветак. Вузкая, асаджаная кустамі дарожка, неахаеная ад кавалачкаў ламачча і дзікае мураўкі, малаабходжаная, цягнулася далёка ў глуш парку, роўнаю, як струна. Зьверху кароны ліп і рэдка каштаноў спляталі жывую стрэху, хаваю-