Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/295

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны разьбегліся па куткох пакою, адна за вадою, другая за нечым іншым.

— Можа дроў няма? — запытала старая.

— Нічога, я выскачу вазьму, — адказала Акіліна і пабегла к дзьвярам. Але не пасьпела хапіцца за ручку, як яны адчыніліся, і ў кватэру ўвайшоў Ладымер з сынком, а за ім Парог.

— Добры вечар у хату! — павітаўся ўпраўляючы, працягнуўшы руку Акіліне.

— Вечар добры! — адвіталася Акіліна, зрабіўшы на твары міну неспадзейнасьці.

Парог угадаў Акілінін настрой і пераняў неспадзеўкі.

— Я бачу, вы зьдзіўлены маім наведваньнем?

— Так, проста прымха. Другі тыдзень побач, а вы ўпяршыню заходзіце.

— Ведаеце, так няма часу, так няма часу, што хоць ты лопні… Аж самому няпрыемна, ведаеце… Што-ж, што-ж… — Парог убачліва схіліўся і разьвёў рукамі. — Ды і то трапіў таму, што вось заўтра маю ехаць разам з таварышам Ложкам у Кругі.

— І вы паедзеце?

— Я і агароднік таксама…

— Усё начальства, — пажартавала Акіліна.

— Не, якраз пакідаем намесьнікам сабе нашага Цыбуліна… Будзе вас ахоўваць…

Акіліна патужылася стрымаць раўнадушша, але міжвольны проблеск здаваленьня, раптам прабегшы па яе твары, выдаў яе. Парог хутка адвярнуўся ў бок, сказаўшы:

— Выбачайце. Вы йшлі кудысь, а я толькі затрымоўваю вас.

— Нічога, пасьпею. Дроў трэба пален некалькі ўнясьці. Вячэру гатоўлю…

— Я зьбегаю, — перабіла старая і, не чакаючы адказу, вышла з кватэры.

Акіліна вярнулася к чыгунцы, а Парог пайшоў к сталу, ля якога сядзеў Ладымер і штосьці вылічаў алоўкам на паперы.