Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/293

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паціху ўкрадкаю спусьціла пучок свайго сьвятла з даху дому і каўзанула ім па яе твары.

Гэта нявыразнасьць настрою, які ні зваў, ні прыпыняў, ні цешыў, ні суміў, трымала Акіліну на месцы каля паўтары гадзіны. Стук дзьвярыма яго перабіў. Акіліна хутка адвярнулася на пакой і падбегла к чыгунцы. Паглядзела. У чыгунцы жухацеў чырвоны прысак, абложаны вакола попелам. На крэсьле помеж стаяла скаварада з раскрышаным на ёй салам і з нажом між сала. Акіліна, ня гледзячы, хто ўвайшоў, хапілася за скавараду і паднесла яе к чыгунцы, але тут-жа адумалася, паставіла зноў на крэсла і нагнулася за некалькімі паленцамі, каб падлажыць у печ.

— Ты паліш чыгунку, дачушка? — запытала Акіліну маці, падыходзячы к ёй.

— А як-жа, трэба сьпячы Ладымеру сала на дарогу. Заўтра-ж не пасьпею, — адказала Акіліна. — А Паўлусік дзе? — запытала яна.

— Бегае, яшчэ к бацьку пабег… А болей што ты будзеш пячы?

— Каўбаску якую; вось купіла надоечы ў Башлыкавых… Вы, мама, наскрабеце бульбы на вячэру. Зараз ужо Ладымер павінен прыйсьці.

— Нешта, я бачыла, да яго ў паравік пайшлі ўпраўляючы і канторшчык, а з імі яшчэ нейкіх двое мужчын… Гэты канторшчык, на яго ліха, такі далікатны мужчына, што міла паглядзець; як паніч які — ды годзе.

Гэты сказ яе быў так не ў пару! Акіліна пакінула скавараду, на чыгунцы, а сама падышла к вулічнаму вакну і паглядзела ў бок паравіка. Густая прыземная ракіціна заступіла ад яе вачэй яго сьцены, і Акіліна, паглядзеўшы комін і стрэху, вярнулася к печы.

— Не павінны там доўга быць, ужо вечарэе, — праказала яна.

— Я думаю, калі яшчэ ня зойдуць у тэатр.

— Гэта ня йначай… Я й забыла, што ён ёсьць у нас…