Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/292

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У суботу за абедам, калі Ладымер папрасіў прыгатовіць яму сёе-тое на дарогу, Акіліна зразу адчула ў сабе нейкую перамену, астужанасьць. Быццам раскалыханыя хвалі маладых яе пазываў раптам сьціснуліся стромкімі высокімі берагамі, у якіх ня стала ранейшага прастору. На разгарачаны лоб нібы апала некалькі халодных капель, якія прабілі чэрап і дробнымі пырскамі пакрапілі мозг. Так бывае ў выпадках, калі чалавек, разагнаўшыся ўдагонкі за намечанай мэтай, пры дабліжэньні к ёй, раптам траціць яе сьлед.

Акіліна, выправіўшы мужа з абеду на работу, прынялася за гатоўку яму сяго-таго на дарогу: папершае, яна дастала з куфэрку сьвятошні гарнітур, падчысьціла яго і падпрасавала, прыгатавала чыстую бялізну, а пасьля завіхнулася ля яды. Падпаліла ў чыгунцы, дастала з кубелка кавалак сала і пачала крышыць. Усё, як рупная гаспадыня й жонка. Але думкі працавалі ня ў тахт рукам і нагам: думкі пераносіліся ў заўтрае. «Ладымер едзе», спляталіся яны ў словы, «пэўна, заўтра я яшчэ буду спаць, як ён выедзе. А можа разбудзіць? Трэба-ж к абеду заехаць… Так… Ці адзін? Няўжо й Цыбулін паедзе?..» Слова «Цыбулін» выклікала ў яе душы лёгкі жах і нявыразнае, адначасна радаснае і палахлівае пачуцьцё. Ажно пад яго ўплывам цішэй пачалі хадзіць рукі, і густая ліпкая вяласьць разьлілася па целе. Акіліну пацягнула к вакну, якое зранку было адчынена для асьвяжэньня кватэры. Яна падышла, перагнулася на падваконьнік і ўстраміла погляды ў гушчу ліпавых карон. Зелень, чорназялёная, укропленая бела-жоўценькім цьветам, залашчыла яе вочы, заваражыла да сябе. Гарачае сонца паліравала лісткі, павернутыя да яго, і палівала прамяністым сьвятлом процьму пчол і вос, лятаўшых над ліпамі, падтрымоўваючы роўны зьлітны гуд-гармоньню. Тонкі водыр уліўся Акіліне ў грудзі і сп’яніў думкі, разьвіваючы гультайную асалоду. Раз-ад-разу праляталі птушкі, кідаючыся наляту ў лісьцяную гушчу і адтуль падаючы свае галасы. З-за вулічнай сьцяны даносіўся тонкі галасок яе Паўлусіка і ўшчунак малога бабаю… Акіліна не зважала гэтага. Ня прымеціла яна і таго, як сонца