Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/291

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сямейнага быту, разыходзілася з Ладымерам, які хапаўся за п’есы, за проекты тэатру, кідаў сям’ю цалкам і яе ў асобку, як ізноў пачынала думаць грэшныя думкі… Галачка гэтых думак высочвалася са спрату, з дна нутра, кратала думак і пачуцьця і напаўняла ўсю істоту цягучым нявыразным жаданьнем, прагаю, хаценьнем. Ладымер прымаў у яе ваччу сухі, завялы выгляд, манашаскі воблік і адыходзіў далёка-далёка з яе адзнаньня, чужы і халодны. Акіліна паварочвалася да сынка, абеглым зіркам праходзіла па яго тварыку і дзівілася таму, што Паўлусік падобны да бацькі, і таму, што ў ёй так мала да яго ўвагі і мацерынай любові. «Шэсьць гадоў сынку, і чым больш ён падрастае, тым менш ва мне прыхілу і пашаны да яго. Міжвольна ўстае пытаньне, як і што здарылася так, што я й ня прымеціла, калі мінулі гэтыя шэсьць гадоў. Бесканечная вандроўка, як вечнага яўрэя, бяз прытулку, бяз пэўнага месца. У Ладымера адно, а ў мяне другое». Акіліна пераносілася думкамі ў дзявочыя гады свайго жыцьця і перабірала ўсе падрабязгі тых умоў і абставін, якія справодзілі яе знаёмства з Ладымерам, жаніцьбу, першыя гады жыцьця. З шэрае мінуўшчыны выблісквалі ружовыя мясьцінкі, аб якіх так прыемна ўспомніць і якія так міла адчуць. Ладымер калісь быў зусім іншым хлопцам: жыцьцярадым, жывым, рэзвым, любіўшым жыцьцё, як яно йдзе, у моманце, у перажываньнях бягучых хвілін. Агнём гарэлі вочы, нясло цеплатою ад усёй постаці, крыніцы ласкі, пэнту, замілаваньня… Акіліна насілася на скрыдлах успамінаў, як пёрка на ветры, захоплівалася імі што далей, тым болей і глыбей. Адвячоркамі, здавалася, губіла цэльнасьць іх, перарывала, як быццам забывала, але йшоў Ладымер на працу, і ўчарашняе аднаўлялася зноў, сточвалася шчыльна-шчыльна з ранейшым і разварочвалася шырэй ды шырэй.

Чым бліжэй падыходзіла да часу выезду Ладымеру ў Кругі, тым разгульней віравала Акілініна выабражэньне, настойней прасіліся на перабору ўспаміны і глыбей вырывалася канава між ёю і мужам у іх сямейных стасунках…