Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/290

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Трэба ўзяць. Вазьму і есьці, таксама — усё-ж, як-ні-як, прыгадзіцца; сьпячы сала.

— А ты доўга там думаеш быць?

— Доўга? Дзень! Зраблю свае справункі і назад.

— Так ты ўжо не сядзі лішняга часу.

За чатыры дні, якія прайшлі з часу гутаркі аб паездцы Ладымера ў Кругі, Акіліна ні на момант не расставалася з сваімі думкамі і жаданьнямі. Як загартаваныя ў вадну галачку, качаліся яны ў яе нутры, за тонкім пластом будзённых, хатніх клопатаў, і раз-ад-разу давалі аб сабе знаць. У некаторыя мінуты, асабліва, калі Ладымер выходзіў з ёю ў палетак пагуляць і яны загаварваліся аб чароўнасьцях прыроднае красы, Акіліна адчувала моташнае бязвольле выслабаніцца ад пастароньніх, наносных думак і ўхілаў і захаваць сябе нявіннай для Ладымера. У гэтыя моманты яна забывала змарнаванае, па яе думках, сямейнае шчасьце, прашчала Ладымеру яго халодную нядбайнасьць да яе жаночае ласкі і здавальнялася духовай блізасьцю з ім, павагаю да яго. Цьвёрдая галачка спакусы падала дзесь глыбока-глыбока на дно душы, давала волю новым адчуваньням, якія навейваў лёгкі подых сьвежага вятрыску, зелень і пах, блакітнае неба. Хісталася пад нагамі густая мятліца, схіляліся налітыя малаком каласочкі жыта, рэзьвіўся адлятаючы ў лес жаўранак, залівалася перапёлка, гучэлі песьні вясковых дзяўчат… Акіліне не хацелася ні гораду ні яго жыцьця. Бег уперадзе Паўлусік, лепятаў няўмоўчна, азіраючыся на бацькоў, ганяўся за матылькамі і рваў валошку. Каб у гэтыя моманты паказаўся канторшчык, Акіліна здрыганулася-б усёй істотай ад агіднага пачуцьця да яго, упікнула-б сябе неміласэрна і мо’-б, чаго добрага, перарвала-б тую спакусную нітку, якая высукалася ў яе нутры зачарствелай будзёншчынай сямейных стасункаў і ёмка перакінулася да Цыбуліна… Акіліна прыўздымалася настроем, пахадзіўшы адвячоркам паміж ніў, напаўнялася асаблівым шляхетным пачуцьцём, прымала выгляд дабрачыннай гаспадыні і жонкі… Але толькі вярталася ў кватэру, уваходзіла ў абставіны