Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/289

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да астатку. Ці-ж можна мірыцца з тым, што ёсьць хоць-бы ў гэтых Скуплях? Гэта-ж зусім не кранутае рэволюцыяй месца, выспа… А колькі іх, гэткіх выспаў, на абшары аднэй Беларусі!.. Я ня ведаю, як каму, а мне вельмі балюча глядзець, калі дзе сустракаю ціхае жыцьцё, непарушымую глуш… Каб прымеў, усё-б адным замахам перамяніў… Але на гэта мала аднаго. Я-ж таксама ня бог ведае якое навукі. Выкраў патрошкі з часу, вылучыў з кніжак саматугам і павінен аддаваць другім… Тэатрам можна многа зрабіць, і я зраблю. Тут глеба падгатаваная добра. Адно закінуўся, як усе пайшлі насустрач. А рабочыя прайсьці не даюць — калі будзе тэатр гатоў. — Будзе, — кажу, — пастанавіў, дык будзе. А паспрабаваў раздаць ролі — асобаў столькі няма ў п’есе, кожны просіць даць яму ролю, даць яму…

Гутарка захапіла Ладымера, ажно ён забыў пра сон, пра тое, што трэба заўтра а сёмай гадзіне ўставаць і йсьці на работу, заняўважыў, што яго ня слухае ні Акіліна ні цешча, якія няўпрымет для яго ўлягліся спаць і соладка пасопваюць. А сьведкаю яго толькі акраец месяца, выплываючы адным рогам з-за купы густое ліпы і ліючы ў прачыненае вакно разадраныя палойкі серабрыстага сьвятла, і салодкі водыр мёду.

Ладымер скончыў размову, паглядзеў на кватэру і падышоў к вакну. Чорны слуп — заводзкая труба — пераняла яго погляд і адцягнула Ладымераву ўвагу на паравік, на лесапілку, на плян іх рамонту і пуск у ход.


VII

— Ты прыгатоў мне сёе-тое на дарогу, — папрасіў Ладымер жонку ў суботу за абедам, — я заўтра зраньня абавязкова еду ў Кругі.

— А што-ж ты возьмеш? — пытала Акіліна. — Есьці захопіш з сабою? То я сьпяку табе скварак і каўбасу. А з адзежы — палажу паліто… Возьмеш паліто?