Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/282

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на адзін паверх, а лёкомобіль павінен быць заменены на больш сільны.

— Яно то пэўна, таварыш Ложка, — хітра пасьмейваючыся з шырокіх плянаў Ладымера, казаў упраўляючы. — Я ведаю ўсё гэта, ведаю, але трэба лічыцца са сродкамі. У нас тут яшчэ так многа трэба зрабіць, так многа трэба наладзіць, што проста страх бярэ. Паказваў я вам памяшканьне пад кватэру, бачылі, у якім яно выглядзе, — вось так яшчэ многае што, многае. У нас для рабочых не хапае добрых кватэр, трэба аборы падстроіць, машыны земляробскія паламаліся, каней зусім мала, вупражы…

— Так-так, — згаджаўся Ладымер, — але не забывайце таго, што ў заводах гэтых схавана палова ўсяго вашага пляну; не забудзьце таго… Два месяцы папрацуе млын — і гатова вупраж, папрацуе год — і некалькі коні. Ці ня праўда, мо’?

Акіліна з канторшчыкам увесь час маўчалі. Для іх мала цікавымі былі пляны Парога з Ладымерам наконт адбудовы гаспадаркі саўхозу. Болей таго, шчырасьць мужа, з якою той адносіўся да гэтага, дзівіла Акіліну і нават зьлёгку раздражнівала яе. Ёй ужо здаўна была крыўда на Ладымера, што праз сваю гарачнасьць і захапленьне рознымі справамі ён зусім забывае сям’ю, яе дабрабыт, перакорыць яе, Акіліны, думкам і просьбам, — адным словам, парушае сямейныя традыцыі, хатнія стасункі і вымушае яе (Акіліне кальнула ў сэрца, ажно яна балюча садрыгнулася) на апасьлівыя крокі… Выпадак па дарозе ў Скуплі, калі ёй успомніліся мінулыя вобразы любоўных здарэньняў, нейкая міжвольная прыхільнасьць да канторшчыка Цыбуліна, якую ўжо запрымеціў Ладымер, былі чароднымі эпізодамі падобнага ўхілу. Да чаго гэта прывядзе Акіліну — ёй самой цяжка рабілася пры адным праглядзе ўперад. Але маладзіцы Акіліне, абмяшчаненай змалку, кіпучай па натуры, прагавітай да бурнага жыцьця, да мужчынскае ласкі, здаровай, ядранай, жыцьцярадай кабеце, нельга марнець у самамуштраваньні, нельга абыходзіцца сутрыманьнем, зьнішчэньнем маладых прагных пазываў. Што там за жыцьцё будзе бяз гэтага, на